Расійскія сацыялагічныя цэнтры даследуюць Беларусь як Украіну перад вайной (відэа)
Рэдактар беларускай службы міжнароднай выведвальнай супольнасці InformNapalm Дзяніс Івашын распавёў тэлеканалу "Белсат" інсайдэрскую інфармацыю наконт пачатку правядзення ў Беларусі даследаванняў расейскімі сацыялагічнымі цэнтрамі.
На ўмовах ананімнасці пра гэтыя даследаванні распавяла адная з рэспандэнтак, якая сталася непасрэднай сведкаю іхнага здзяйснення ў Беларусі. Збіраецца статыстычная й аналітычная інфармацыя пра грамадскую думку беларусаў што да падставовых палітычных чыннікаў, стаўлення да Расійскай Фэдэрацыі й так званай Саюзнай дзяржавы. Вывучаецца якасны й колькасны патэнцыял тых, хто сімпатызуе Расіі, а таксама тых, хто варожа да яе ставіцца. Даследуецца мажлівасць здзяйснення любога з запланаваных Расіяй сцэнароў па дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі.
Дзяніс Івашын, рэдактар беларускай службы InformNapalm:
Увесь набор дадзеных пытанняў цалкам адпавядае тым сацыялагічным даследаванням, якія Расія праводзіла ў дачыненні да Украіны напярэдадні сваёй ваеннай агрэсіі. Цэлы пул расійскіх сацыялагічных цэнтраў засяроджаны на гэтым напрамку.
Збор аналітычнай інфармацыі расійскімі сацыялагічнымі цэнтрамі сведчыць пра намер актуалізаваць і адкарэктаваць усю наяўную інфармацыю пра насельніцтва Беларусі. Паводле атрыманых дадзеных, вядзецца перадусім пра ўзроставы кантынгент – ад 17 да 35 гадоў – які мае найбольшы баяздольны патэнцыял. Відавочна, што з улікам актывізацыі мабілізацыйнай дзейнасці прарасейскіх арганізацыяў, нарошчвання інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў абаронным сектары, павялічэння наўпроставага эканамічнага й палітычнага ціску, адбываецца канчатковая рэалізацыя праекту пабудовы так званай Саюзнай дзяржавы Расіі й Беларусі. Пад выглядам саюзніцкіх пагадненняў для нашай краіны паўстае наўпроставая пагроза інкарпаравання ў склад Расійскай Фэдэрацыі.