Украінскі эксперт: Расія і Беларусь аб’яднаюцца цягам двух гадоў
Новае ўтварэнне будзе мець прэзідэнта ў Маскве, у Мінску застанецца віцэ-прэзідэнт.
Такі прагноз абвясціў у эфіры інтэрнэт-тэлебачання ukrlife.tv Руслан Бортнік, навуковы дырэктар Украінскага інстытуту палітычнага аналізу і менеджменту.
Ён лічыць, што ў 2020 годзе Расія і Беларусь створаць адзіную дзяржаву.
Нібыта ў Расіі ёсць два сцэнары развіцця: першы – «украінскі» – праз узмацненне ціску на Украіну і спробы да канца палітычнага цыклу аднавіць там свой уплыў. Другі сцэнар – «беларускі», які не патрабуе гэткіх намаганняў, каб абʼяднаць краіну ў адну дзяржаву.
На думку эксперта, новае ўтварэнне будзе мець адзінага прэзідэнта ў Маскве, а ў Беларусі будзе віцэ-прэзідэнт. Гэты праект пазней будзе разбудоўвацца, бо да саюзу далучацца «краіны», якія падтрымлівае Масква, але непрызнаная ў свеце – Абхазія, Паўднёвая Асеція, а таксама гэтак званыя Данецкая і Луганская Народная Рэспубліка.
«Гэта стане платформаю, якая дапаможа перавыбраць Пуціна на трэці тэрмін. Канстытуцыя забараняе гэта, але можна змяніць дзяржаву і Канстытуцыю», – папярэджвае часта цытаваны ў расійскіх медыях украінскі аналітык.
Паводле belsat.eu