Беларускія памежнікі знайшлі ў машыне ўкраінца патроны
Беларускія памежнікі знайшлі ў машыне ўкраінца патроны. Здарэнне адбылося ў пункце пропуску "Аляксандраўка" 6 кастрычніка.

Фота: http://gpk.gov.by
Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта, у салоне аўтамабіля Kia былі знойдзены 28 патронаў калібру 9 мм.
56-гадовы жыхар Кіева сцвярджае, што едзе з працоўнай паездкай у Літву, а патроны забыў выкласці з салона перад паездкай. У выніку аўтамабіль трапіў на стаянку, а патроны перадалі на экспертызу. Украінцу за незаконнае перамяшчэнне праз мяжу боепрыпасаў пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Адзначаецца, што на ўчастку адказнасці мазырскіх памежнікаў з пачатку года гэта дзясяты выпадак, калі ў пунктах пропуску выяўляюцца патроны.
Цікава, што пра нелегальную зброю, якая трапляе з Украіны ў Беларусь, Аляксандр Лукашэнка згадаў яшчэ ў верасні. Украінскі бок тады заявіў, што такіх фактаў няма. У панядзелак пра кантрабанду зброі з Украіны Лукашэнка згадаў падчас сустрэчы з экс-прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам.
Паводле euroradio.fm