Беларусы змогуць перавозіць толькі 5 кг ручной паклажы ў расійскіх самалётах
З 5 лістапада расійскія авіякампаніі змянілі правілы правозу багажу і ручной паклажы.
У прыватнасці, пасажырам, якія вандруюць расійскімі авіялініямі, цяпер дазволена бясплатна пранесці ў салон самалёта толькі 5 кг ручной паклажы, піша aif.by. Раней дадзены ліміт складаў 10 кг.
Аднак звыш мінімуму пасажырам дазволена дадаткова ўзяць на борт заплечнік, жаночую сумку ці партфель, верхнюю вопратку, дзіцячае харчаванне, дзіцячы вазок ці калыску, мыліцы, кіі, лекі. Таксама без вагавых абмежаванняў можна пранесці ў салон тавары, набытыя ў крамах бяспошліннага гандлю Duty Free.
Таксама варта ўлічваць, што для дадатковай эканоміі пры продажы незваротных квіткоў расійскімі авіяперавозчыкамі выключаная норма бясплатнага правозу багажу. Усе пералічаныя новаўвядзенні ўступілі ў сілу з 5 лістапада 2017 года.
А вось папулярная ў беларусаў авіякампанія-лоукост Ryanair з 1 лістапада ўстанавіла іншы ліміт: зараз пасажыр можа бясплатна правезці ў ручной паклажы толькі адну невялікую сумку. Зараз у салон можна ўзяць дзве адзінкі багажу.
Нагадаем, з 29 кастрычніка 2017 года беларуская авіякампанія «Белавія» таксама змяніла некаторыя нормы правозу багажу. Новаўвядзенні закранулі рэчы, якія перавозяцца ў багажным аддзяленні. Згодна з новай канцэпцыяй «Белавія» перайшла з вагавага спосабу (лімітаванне вагі багажу) на колькасны (лімітаванне адзінак багажу). У прыватнасці, пасажыр, які вандруе эканомкласай, цяпер мае права перавезці адзін чамадан вагой не больш за 23 кг. У выпадку, калі торба пасажыра эканомкласа будзе важыць ад 24 да 32 кг, неабходна будзе дадаткова заплаціць 50 еўра. У ручную паклажу па-ранейшаму можна ўзяць 8 кг рэчаў пасажырам эканомкласа і 12 кг тым, хто падарожнічае бізнес-класам.