Ці дапамагаюць зоркі ў дзяржаўных справах?

Як вядома, многія палітыкі карысталіся і карыстаюцца паслугамі астролагаў. Але нідзе ў свеце астралогія так моцна не ўплывае на палітычную сферу, як у Індыі.

Ілюстрацыйная выява, створаная пры дапамозе Midjourney

Ілюстрацыйная выява, створаная пры дапамозе Midjourney

Тое, што астралогія вельмі папулярная сярод індыйскіх палітыкаў, на першы погляд суцэльна лагічна. Астралогія і хірамантыя — пастаянныя атрыбуты індускай бытавой культуры. Аднак тут ёсць цікавы аспект. Першае пакаленне палітыкаў незалежнай Індыі менш цікавілася рознага кшталту гараскопамі. Так, першы прэм'ер-міністр краіны Джавахарлал Неру, які атрымаў адукацыю ў Кембрыджы, ахвотна іранізаваў наконт астролагаў і тых, хто верыў у іх прагнозы.
Зрэшты, іранічна ставячыся да навукі аб зорках, палітыкі накшталт Неру разумелі папулярнасць астралогіі сярод індусаў. Увогуле адносіны палітыкаў і астролагаў бяруць пачатак з часоў незалежнасці, а дакладней з першага яе дня.
Цырымонія абвяшчэння незалежнасці планавалася на 15 жніўня 1947-га. Аднак нечакана ў справу ўмяшаліся астролагі. Яны звярнулі ўвагу, што 15 жніўня прыпадае на пятніцу, якая лічыцца ў індусаў цяжкім днём. Адзін з астролагаў накіраваў на імя палітыкаў тэрміновую тэлеграму, у якой маліў іх устрымацца ад усіх мерапрыемстваў у дзень, «пракляты зоркамі».
Супраціўленне астролагаў разварушыла народныя масы і тым самым абвастрыла палітычную абстаноўку ў краіне. Улічваючы гэта, дэпутаты Устаноўчага сходу Індыі аператыўна прынялі рашэнне аб пераносе даты афіцыйнай цырымоніі. Абвяшчэнне незалежнасці адбылося роўна апоўначы з 14 на 15 жніўня 1947 года.
Наступныя генерацыі індыйскіх палітыкаў рэгулярна кансультаваліся з прадказальнікамі. Існуе папулярная байка, што астролагі выратавалі палітычную кар'еру Індзіры Гандзі ў 1977-м, калі яе адхілілі ад пасады прэм'ера за ўвядзенне надзвычайнага становішча і прыпыненне дзеяння Канстытуцыі. Нібыта Індзіра звярнулася па параду да астролагаў і з іх дапамогай вярнулася на прэм'ерскую пасаду.
Гэтая гісторыя папулярызавала астралогію ў палітычных колах. Больш за тое, некаторыя сцвярджаюць, што Індзіра Гандзі была забіта ў 1984 годзе толькі таму, што яна не выконвала інструкцый сваіх астролагаў.На змену Індзіры прыйшоў яе сын Раджыў. Спачатку новы прэм'ер пагардліва ставіўся да астролагаў. Аднак па меры таго, як яго палітычны капітал паступова памяншаўся, палітолагі параілі яму наведаць некаторых вядомых астролагаў.
Адна такая асоба жыла высока на дрэве ў паўночным штаце Утар-Прадэш. Баба (па-індыйску значыць «святы чалавек») запэўніў Гандзі ў поспеху, калі ён пагодзіцца прайсці асаблівы рытуал. Рытуал заключаўся ў тым, што Баба на нейкі час паставіць прэм'еру нагу на галаву. Раджыў выканаў гэта патрабаванне, аднак наступныя выбары яго партыя Індыйскі нацыянальны кангрэс прайграла. Самае пацешнае, што «святога чалавека» ў паражэнні Кангрэса не вінавацілі. Лічылася, што Гандзі не прытрымліваўся строгай парады, якая была дадзена яму сам-насам.
Зрэшты, апісаны выпадак быў не першым праколам астролагаў. Тая ж Індзіра Гандзі некалькі разоў замаўляла гараскопы малодшага сына Санджая, і ні ў адным з іх не было намёку на яго хуткую смерць у авіяцыйнай катастрофе. Не прадвясціў трагічнай гібелі ад бомбы тэрарысткі і гараскоп яе старэйшага сына Раджыва Гандзі.
А вось Нарасімха Рао, старшыня партыі Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК) і прэм'ер-міністр Індыі ў 1991-1996 гадах, загадзя перастрахаваўся. Ён спраўджваў з гараскопам кожны свой крок. Па ўказанні прэм'ера ўсе чальцы яго кабінета павінны былі прадстаўляць начальніку персанальныя гараскопы для скрупулёзнага вывучэння і супастаўлення.
Лінію працягнуў у 1997-м годзе Індэр Кумар Гуджрал, які адмаўляўся ісці ў парламент і прымаць прысягу прэм'ера, пакуль планеты не зоймуць асаблівае становішча. Лідары апазіцыі характарызавалі ўсё, што адбывалася, як «беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі індыйскага парламентарызму».
Пасля прыходу да ўлады ў Індыі індускіх нацыяналістаў з Бхарата джаната парці (Індыйская народная партыя) працы ў астролагаў чакана дадалося. Нацыяналісты спрабуюць выбудоўваць сваю палітыку на базе індуісцкай рэлігіі. Паводле пастулатаў індуізму, усе падзеі на Зямлі, у тым ліку калізіі індыйскай палітыкі, запраграмаваны на нябёсах на шмат гадоў наперад. Застаецца толькі падстроіцца пад іх з дапамогай знаўцаў астралогіі.
Таму нядзіўна, што астралагічныя канторы, кліентурай якіх з’яўляюцца палітыкі, квітнеюць. Астролагі дапамагаюць распрацаваць стратэгію, якая дазволіць палітыкам сінхранізавацца са становішчам іх планет. Яны нават вызначаюць паводзіны, напрыклад, калі быць стоеным, спакойным ці агрэсіўным. Многія палітыкі праводзяць рытуалы, каб выправіць свой Космас. Асабліва вялікім попытам карыстаюцца прадказальнікі, якія спецыялізуюцца на прадбачанні замахаў і тэрарыстычных актаў.
Тэхналагічныя прарывы апошніх гадоў далі новы штуршок палітычнай астралогіі. З'явіліся праграмы, якія за пяць хвілін складаюць астралагічныя карты. Яны ў любы момант гатовы вывесці на экраны манітораў вынікі будучых парламенцкіх выбараў і назваць імя наступнага прэм'ер-міністра і лідара апазіцыі ў парламенце.
Думаецца, попыт на такія прымітыўныя гараскопы заўсёды будзе стабільным. Страх перад невядомым з'яўляецца сталым кампанентам індыйскай палітыкі. Зрэшты, не толькі індыйскай.