Цяпер афіцыйна. Пуцін прызначыў новага пасла ў Беларусь

Новым паслом Расіі ў Беларусі стане 69-гадовы Яўген Лук'янаў. Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

evgeniy_lukyanov_1.jpg

«Прызначыць Лук'янава Яўгена Уладзіміравіча Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь», — гаворыцца ва ўказе расійскага прэзідэнта. Ён датаваны 25 сакавіка 2021 года.

Пра тое, што новым паслом Расіі ў Беларусі стане Яўген Лук'янаў, казалі даўно, піша TUT.BY. Да нядаўняга часу ён узначальваў расійскую амбасаду ў Латвіі — з 2016 года. Лук'янаў скончыў Ленінградскі дзяржаўны універсітэт. Валодае англійскай і французскай мовамі. На дыпламатычнай працы з 1984 года. Таксама быў на кіруючых пасадах у банкаўскай сферы, а да прызначэння ў Латвію займаў пасаду намесніка сакратара Рады бяспекі Расіі.

Гэта ўжо трэцяя змена расійскага пасла за апошнія тры гады.

Расійскія эксперты мяркуюць, што змена пасла Расіі звязаная са зменай палітычнай павесткі ў Беларусі і неабходнасцю дыпламатычнага садзейнічання ў выхадзе з крызісу, а таксама са спробай знайсці сярэдні варыянт паміж цвёрдым і мяккім падыходам. Яго называюць эфектыўным менеджарам.