Цяпер яшчэ і Нартумбрыя

Прагназаваныя незалежнасць Шатландыі і вяртанне Белфасту ў склад Ірландыі могуць стаць толькі пачаткам эрозіі Вялікабрытаніі. У Лідсе, Манчэстэры, Ліверпулі пачалі марыць пра сваю дзяржаву.

847x5i79z16z.png


Ці ведаеце вы, што невялікі горад Ёрк калісьці быў сталіцай Англіі? Улетку 1298 года кароль Эдвард I перавёз у горад сваю гвардыю, канцылярыю і казну. Яны вярнуліся ў Лондан у 1304 годзе. Такім чынам, прыкладна пяць гадоў гэты паўночны горад быў фактычна адміністрацыйным цэнтрам краіны.
Яшчэ ўчора гэты кур’ёз цікавіў толькі гісторыкаў і краязнаўцаў. Сёння яго разглядаюць як важны аргумент на карысць таго, што Паўночная Англія мае сваю традыцыю дзяржаўнасці. Упершыню такія лозунгі былі агучаныя ў 2015 годзе, калі паўстала Партыя незалежнасці Поўначы (NIP). Натуральна, на той момант носьбітамі падобных ідэй былі маргіналы, дзівакі або аматары палітычнай экзотыкі.
Пра гэта ўскосна сведчыць і змест маніфестаў NIP. «Залатым стагоддзем незалежнасці краю» называецца перыяд паміж сыходам рымлян і прыходам вікінгаў. А адным з прыкладаў вечнай зламыснасці Поўдня на адрас паўночнага суседа лічацца эканамічныя ліберальныя рэформы Маргарэт Тэтчэр, якія зруйнавалі мясцовую індустрыю.
Стаўленне да ідэі стварэння незалежнай дзяржавы на поўначы Вялікабрытаніі (ідэолагі лічаць, што краіна можа называцца Нартумбрыя — Northumbria) змяніла эпідэмія каронавіруса, якая найбольш моцна атакавала гэты рэгіён. На парадак большая статыстыка заражэнняў і смерцяў на Поўначы ў параўнанні з Поўднем выклікала спекуляцыі наконт таго, што ўсё гэта — зусім не выпадковасць. Маўляў, на Даўнінг-Стрыт працуе свядомая дыспрапорцыя схемы размеркавання сродкаў на медыцыну, калі бонусы дастаюцца Лондану. У дадатак, за кошт каранціну «паўднёвыя», маўляў, плануюць цалкам падавіць «паўночную» гаспадарку.
Увосень сепаратысцкія размовы выйшлі за межы пабаў і чатаў. Снежаньскі нумар BBC History, каментуючы выбух рэгіянальнай свядомасці на поўначы краіны, заклікаў не глядзець на гэты феномен з паблажлівай усмешкай. Часопіс нагадаў, што яшчэ 40 гадоў таму, напрыканцы 1970-х, ідэя шатландскай незалежнасці была сінонімам экспедыцыі на Марс.
Адначасова эканамічная кантора Open Data Institute ў Лідсе паспрабавала спраектаваць эканамічную мадэль Нартумбрыі. У выніку эканамісты прызналі, што ў такой гаспадаркі слабыя перспектывы, аднак поўнага калапсу дакладна не здарыцца. Раней такога кшталту аналітыку ўвогуле ніхто не рабіў.
Пачалі казаць пра незалежнасць і палітыкі. «Цяпер мы ведаем, што для гэтага ўраду азначае перабалансаванне эканомікі. Новыя правілы трэцяга ўзроўню каранціну зруйнуюць рэгіянальную эканоміку, і гэта будзе на карысць Поўдня. Ці не прыйшоў час для аднабаковага абвяшчэння незалежнасці Поўначы?» — запытаў у лістападзе мэр Вялікага Манчэстэра сэр Рычард Ліс. Праўда, ён адразу дадаў, што пакуль гэта — толькі жарт.
А вось «у нізах» незалежніцкія пражэкты — ужо даўно не жарт. Як піша брытанскі Independent, «па ўсёй Поўначы ўсё часцей ідуць размовы не толькі пра пашырэнне правоў краю за кошт Вестмінстэра, але таксама пра поўнамаштабны рух за аддзяленне». «Калі Эдынбург і Кардыф аднойчы стануць сталіцамі, дык чаму сталіцай не стаць і Ёрку?» — кажуць мясцовыя жыхары, калі верыць выданню. Паводле згаданага СМІ, графіці, якія выступаюць за незалежную рэспубліку, ужо з’явіліся ў гарадах, у тым ліку Манчэстэры і Лідсе.
Прэса канстатуе рост папулярнасці сепаратысцкіх забабонаў, аднак, тым не менш, пакуль не бачыць сцэнараў перафарматавання руху за суверэнітэт у нейкага сур’ёзнага палітычнага гульца. Тусоўкі накшталт NIP не ўспрымаюцца народам усур’ёз. У лепшыя часы колькасць актывістаў партыі не выходзіла за мяжу ў 250 чалавек.
Зрэшты, нават тых пару сотняў таксама цяжка ўтрымаць разам праз разборкі на культурніцкія тэмы, традыцыйна ўласцівыя падобным ініцыятывам. Так, «нартумбрыйцы» хранічна не могуць знайсці паразумення па пытаннях, напрыклад, як павінна выглядаць сімволіка футбольнай зборнай будучай краіны (гэта, дарэчы, найбольш спрэчнае пытанне), якой будзе яе палітычныя мадэль, ці трэба мець будучай дзяржаве сваё войска і, нарэшце, дзе павінна праходзіць паўднёвая мяжа. Няма кансэнсусу наконт сталіцы будучай дзяржавы. Ці пагодзіцца вялікі эканамічны цэнтр Манчэстэр на тое, каб сталічны статус дастаўся Ёрку? Гэта не кажучы пра тое, што вызначэнне «Нартумбрыя» гістарычна не ўжывалася да ўсёй Поўначы.
З іншага боку, сацыяльны патэнцыял у руху сапраўды існуе. Гэты рэгіён — самы бедны ў Паўночнай Еўропе, нягледзячы на тое, што Англія з’яўляецца пятай краінай па багацці ў свеце. Такі эканамічны дысбаланс з Поўднем дакладна будзе сілкаваць незалежніцкія настроі. Таму пра праект Нартумбрыі, які пакуль выглядае фантастычна, мы дакладна яшчэ пачуем.