Дачка экс-кіраўніка Узбекістану папрасіла прабачэння ў народа і вярнула больш за мільярд долараў
Гульнара Карымава, якая адбывае турэмнае зняволенне, апублікавала ў «Instagram’е» зварот да народу краіны. Допіс размешчаны на старонцы ейнай дачкі Іман, паведамляе «Белсат».
![Фота : РИА Новости Фота : РИА Новости](/img/v1/images/2018121912370039914_2018101316584891223_5914970.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота : РИА Новости
«Я хачу аб’явіць для пратаколу, што да гэтага часу выключна мае асабістыя актывы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Узбекістана, ужо выйшлі з маёй уласнасці і працуюць на карысць рэспубліканскага бюджэту, што пацвярджаюць некалькі мясцовых расследаванняў, на суму ў памеры 1,2 мільярдаў долараў», — адзначаецца ў паведамленні.
Старэйшая дачка першага прэзідэнта Узбекістану Гульнара Карымава была асуджаная яшчэ ў 2015 годзе. Яе прызналі вінаватай у вымагальніцтве і ўхіленне ад выплаты падаткаў і прысудзілі хатні арышт.
А ў 2017 годзе, пасля смерці свайго бацькі, суд разгледзеў яшчэ адну крымінальную справу і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на дзесяць гадоў.
Паводле следства, Карымава ўваходзіла ў злачынную групу, якая схавала за мяжой амаль 1,4 мільярда долараў, 63,5 мільёны еўраў, больш 27 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў і 18,5 мільёнаў швейцарскіх франкаў. У прыватнасці, грошы і маёмасць злачыннай групы знаходзяцца ў Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыне, Швейцарыі, Расіі і Латвіі. Пракуратура Узбекістана звярнулася да ўладаў гэтых краін з запытам пра арышт актываў.