Данбас: без цяпла і з надзвычайным становішчам
У ноч на 31 студзеня ва ўкраінскай Аўдзееўцы ўведзенае надзвычайнае становішча. Днём раней у выніку жорсткіх баёў горад застаўся без цяпла і электрычнасці.

Баі з сепаратыстамі распачаліся двума днямі раней. Горад застаўся без цяпла і электрычнасці, бо лініі сілкавання немагчыма адрамантаваць з-за абстрэлаў.
Каля 6 раніцы аўторка стала вядома, што баевікі выпусцілі па Аўдзееўцы чатыры пакеты «Граду», гэта значыць 160 ракетных снарадаў. Пра гэта паведамілі ў 72-й Гвардзейскай АМБР ВСУ.
Па непацверджаных звестках, сепаратысты пагадзіліся на спыненне агню с 10:00 да 17:00, каб даць магчымасць аднавіць камунікацыі, але калі перамір'е наступіла — пайшлі ў атаку. Атака была адбіта, баі працягваюцца.
У сувязі з абвастрэннем сітуацыі ў Аўдзееўцы абвешчана надзвычайнае становішча.
Глава Данецкай абласной ваенна-грамадзянскай адміністрацыі Павел Жэбрыўскі паведаміў у фэйсбуку, што зараз мясцовыя жыхары атрымліваюць гарачае харчаванне і гарбату. У цепласетках падтрымліваецца належная тэмпература: у кватэрах 15 градусаў цяпла.