Дасье ў карыкатурах: Грэта Тунберг

Хто такая Грэта Тунберг — выратавальнік планеты, латэнтны бальшавік, псіхапат, прарок дыктатуры дзяцей? Разбіраемся разам з карыкатурыстамі свету.

vokladka_16.jpg

Амерыканскі часопіс Time назваў Чалавекам года Грэту Тунберг — 16-гадовую экаактывістку з Швецыі. З'яўленне персоны на вокладцы Time ў дадзенай катэгорыі з'яўляецца прызнаннем яе велізарнай ролі ў сучаснай гісторыі. Яшчэ ніколі ні адзін падлетак не быў нават намінаваны на вокладку. І таксама яшчэ ніколі ні адзін лаўрэат Time не выклікаў такога спектру супярэчлівых ацэнак — ад выратавальніка планеты Зямля да прадвесніка катастрофы чалавечай цывілізацыі.
Грэта атрымала шырокую вядомасць у 2018-м за кошт сваіх адзіночных пікетаў шведскага парламента. Школьніца патрабавала прыняць меры ў сувязі з кліматычнымі зменамі. Дзякуючы кампаніі ў прэсе, імя і акцыя дзяўчынкі сталі вядомыя ва ўсім свеце. Неўзабаве ў яе знайшлася маса прыхільнікаў-аднагодкаў. Натхнёныя ўчынкам Грэты, яны пачалі праводзіць па пятніцах т.зв. «забастоўкі за клімат». Дапамаглі феномену «грэтаманіі» празмерна спякотныя два апошніх летніх сезона ў Еўропе. Усё гэта зрабіла імя Грэты сінонімам надзеі на тое, што глабальнае пацяпленне можна спыніць. Адзін з шматлікіх малюнкаў на гэтую тэму з інтэрнэт-рэсурсу Cagle.

1_257.jpg


У статусе галоўнага спікера глабальнага кліматычнага супраціву Грэту пачалі запрашаць выступаць на мітынгах і міжнародных канферэнцыях (у прыватнасці, у канферэнцыях ААН па клімаце ў Нью-Ёрку і Мадрыдзе). Многія з гэтых выступленняў канчаліся скандалам, паколькі погляды і ўчынкі шведскай школьніцы вельмі радыкальныя.
Напрыклад, Тунберг прынцыпова не карыстаецца паветраным транспартам (крыніца выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу), і ў той жа Нью-Ёрк з Еўропы прыплыла на яхце. Такая бескампрамісная пазіцыя ўжо выклікала незадаволенасць сярод буйнога бізнесу і звязаных з ім кансерватыўных партый, якія ў прынцыпе адмаўляюць наяўнасць кліматычнай пагрозы. Так, на малюнку аўстрыйскага мастака Мар’яна Камінскага Дональд Трамп –- лабіст буйнага бізнесу, намагаецца арыгінальным спосабам не пусціць Грэту ў Штаты.

2_1_6.jpeg


У якасці бруднага кампрамата супраць Грэты выкарыстоўвалася магчымая наяўнасць у яе ментальных захворванняў. У дзяцінстве праз некамунікабельнасць з аднагодкамі ў яе падазравалі сіндром Даўна. Але куды часцей у кансерватыўнай прэсе мусіруецца думка пра тое, што Грэта з'яўляецца агентам тайнага камуністычнага цэнтра, які вырашыў пад выглядам барацьбы за экалогію пахаваць капіталізм. На малюнку Пэта Кросса напой гатунку «камунізм» з дапамогай экаперапрацоўкі ператвараецца ў марку «экалагічны актывізм».

3_216.jpg


Поспех Грэты таксама звязваюць з тым, што яна (свядома ці не) гуляе на падлеткавых пратэстных забабонах супраць дарослых. У сваіх выступах яна неаднаразова папракае старое пакаленне ў тым, што яно дзеля асабістага спажывання ігнаравала першыя адзнакі набліжэння кліматычнай катастрофы. Тым самым дарослыя, маўляў, выраклі цяперашнюю маладую генерацыю на смерць, якую нясе кліматычны апакаліпсіс. У гэтым плане рост аўтарытэту Грэты значыць таксама рост ўплыву дзяцей, якія атрымліваюць права маральнай і экспертнай ацэнкі паводзін дарослых. Пакуль межы гэтага ўплыву і наступствы не зразумелыя аж да таго, што некаторыя прагназуюць дзіцячую дыктатуру і крах цывілізацыі. На дадзеную тэму малюнак выдання Political cartoons. На карыкатуры эканамічны эксперт прапануе суразмоўцы верыфікаваць у дзяцей версію пра трэнды на глабальным рынку.

4_209.jpg


Так ці інакш, пакуль падарваць культавы статус Грэты яе крытыкам не ўдалося. Больш за тое, паказальная дыстанцыя падлетка ад спакус матэрыяльнага свету нагадвае некаторым паводзіны месіі. Іранізуючы над такімі фішкамі, мастак газеты Washington Post намаляваў сямейную сцэну. Жонка кажа мужу, што малюнак на тосце нагадвае контуры выявы Бога. «Езуса?» — пытаецца муж. «Не, Грэты Тумберг», — адказвае жонка. Карыкатура смешная, аднак падтэкст яе дастаткова сур’ёзны: шведскі тынэйджар ужо мяняе і далей будзе мяняць наш свет.     

5_196.jpg