Дасье ў карыкатурах: Перазапуск Малдовы

У Малдове зноў памянялася ўлада. На гэты раз празаходняя партыя не змяніла прамаскоўскую або наадварот. 14 чэрвеня агульнымі намаганнямі «ватнікі» і «грантасосы» зрынулі рэжым алігарха Улада Плахатнюка, які панаваў у краіне апошнія годы.  

1_207.jpg

Па сутнасці, апошнія падзеі спынілі цыкл, які пачаўся ў 2008-м, калі да ўлады прыйшла кааліцыя «Альянс за еўраінтэграцыю». Еўропа пазітыўна рэагавала на навіну ажна да таго, што малдаванам (другімі ў экс-СССР пасля прыбалтаў) далі «безвіз». З часам аднак аказалася, што малдоўская палітыка ЕС непаслядоўная. Краіне не кампенсавалі страты на расійскім рынку. Стагнацыя, што ператварыла Малдову ў самую бедную краіну Еўропы, выклікала масавую працоўную міграцыю. Нарэшце, ніхто ў Брусэлі так і не даў малдаванам канкрэтную перспектыву на ўступленне ў еўрапейскі клуб, што заканамерна выклікала калектыўную апатыю. Парадоксы малдаўскага курсу ЕС у малюнку выдання Sputnik.  

2_191.jpg

На фоне апісаных трэндаў узмацніўся клан алігарха Улада Плахатнюка, якога хутка пачалі называць «ўладальнікам Малдовы» . І не таму, што яму або сябрам ягонай Партыі дэмакратаў (PDM) належалі міністэрствы і пасады. Плахатнюк за кошт хабароў атрымаў прамы кантроль над усімі інстытутамі ўлады. Пракуратура, паліцыя, антыкарупцыйная пракуратура, судовая сістэма, у тым ліку Вярхоўны і Канстытуцыйны суды — усе былі купленыя «Лялькаводам» папулярная мянушка Плахатнюка. Лялькавы характар малдоўскага палітычнага працэсу — тэма карыкатурыста выдання «Agora»

3_172.jpeg

Нядзіўна, што менавіта ў Малдове аказалася магчымай афера стагоддзя — улетку 2014-га з трох малдаўскіх банкаў знікла сума на адзін млрд долараў. Банкаўскае махлярства было вынікам каардынаваных акцый дырэкцый усіх трох банкаў. Аднак наўрад ці такую афёру можна было арганізаваць без негалоснай згоды ўраду, у склад якога ўваходзілі таксама дэмакраты Плахатнюка. Афера, якая каштавала краіне 12% ВУП, прымусіла тады ўвесь свет казаць пра феномен Малдовы. А мастак рэсурсу Cartoon movement нават прапанаваў Кішынёву новы дызайн дзяржаўнага флагу, на якім арол — герб дзяржавы — тоне ў дрыгве карупцыі. 

4_167.jpg

Банкаўскі скандал 2014-га заклаў міну пад Альянс, які пасля 2014 стала губляў пазіцыі. Больш за іншых агонія зацягнулася ў дэмакратаў. Тыя чапляліся за ўладу нават за кошт адмены вынікаў выбараў, якія прайгравалі. 8 чэрвеня ў адказ на спробу лібералаў і сацыялістаў стварыць урад без PDM Плахатнюк увогуле пайшоў на фармаванне альтэрнатыўнай вертыкалі ўлады — свой прэзідэнт, свой парламент, свой урад. Аплачаныя ім «цітушкі» пачалі захоп адміністрацыйных устаноў.
Лічылася, што Захад такія фокусы не заўважыць праз геапалітычныя забабоны. Доўгі час PDM даводзіла, што яна адзіная сіла, здольная спыніць Пуціна ў Малдове. Аднак на гэты раз нешта пайшло не так. У пятніцу 14 чэрвеня, у абед, офіс Плахатнюка наведалі амерыканскія дыпламаты. Праз 15 хвілін яны пакінулі будынак, а гаспадары адразу пачалі пакаваць чамаданы. Уначы з Малдовы збеглі ўсе вядомыя адэпты рэжыму, уключаючы Плахатнюка. Нонсенс малдаўскай рэвалюцыі ў тым, што беглы алігарх таксама «лялькаводзіў» сацыялістамі і іх кіраўніком Ігарам Дадонам, што было тэмай карыкатураў. Адну з іх апублікавала выданне «Ведомости». Аднак у выніку лялька перамагла гаспадара.

5_156.jpg

Што далей? Ёсць фантастычны тэзіс пра тое, што новы кабінет з удзелам антаганістычных прамаскоўскіх сацыялістаў і празаходняга блоку ACUM зможа надоўга захавацца пры ўладзе. У такім выпадку Малдова будзе нейкім трэнажором для іншых краін экс-СССР, дзе таксама няма згоды па геапалітычнаму выбару. Іншыя кажуць, што такі варыянт хутчэй нагадвае вонкавае кіраванне краінай, у якой не атрымалася стаць дзяржавай. У любым выпадку большасць аглядальнікаў не верыць, што новы ўрад пратрымаецца доўгі час. Хутчэй за ўсё хутка кабмін ляснецца, даючы старт новай серыі разборак за Малдову паміж глабальнымі гульцамі. Малюнак на гэтую тэму прапануе сайт Imimplace. Праўда, на гэты раз барацьба дакладна будзе адбывацца без Улада Плахатнюка.