EPAM разарваў дамоўленасці з ЕГУ. Вінаваты Лукашэнка?
Студэнты, якія навучаліся на спецыяльнай праграме «EPAM» у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, кажуць, што іх кінулі.
На мінулым тыдні кампанія «EPAM» без тлумачэння прычын абвясціла пра выхад з праекта падрыхтоўкі IT-спецыялістаў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. «Новая газета. Балтыя» пагаварыла са студэнтамі праграмы пра іх рэакцыю на тое, што здарылася, далейшыя планы і ўражанні ад вучобы.
Па просьбе герояў іх імёны змененыя: яны працягваюць навучанне ў ЕГУ і баяцца сутыкнуцца з ціскам з боку адміністрацыі ўніверсітэта.
«Адчуванне, што нас кінулі. Хтосьці нават збіраецца падаваць пазоў аб незахаванні дамоўленасцей». Рэакцыя студэнтаў
Для студэнтаў рашэнне «EPAM» стала шокам. Вось як тое, што здарылася, апісвае Цімафей: «10 красавіка мы атрымалі "ліст шчасця" на студэнцкую пошту. У ім адміністрацыя ЕГУ інфармавала, што сумесная з ЕРАМ праграма "знаходзіцца ў працэсе завяршэння". Нас запэўнілі, што, нягледзячы на гэта, вучоба працягнецца, і запрасілі на дыскусію з кіраўніцтвам універсітэта. Сустрэча прайшла ў анлайн-фармаце. На ёй нам сказалі, што "ЕРАМ" без указання прычын разрывае дамоўленасці з ЕГУ».
Даваць тлумачэнні «ЕРАМ» адмаўляецца, спасылаючыся на карпаратыўную таямніцу. Аднак у студэнтаў ёсць здагадкі. Пра іх расказвае Аліса:
«Для мяне сыход стаў поўнай нечаканасцю. Хоць, азіраючыся назад, я заўважаю трывожныя званочкі, на якія ў моманце не звярнула ўвагі. Напрыклад, чуткі пра тое, што ЕГУ нібыта хочуць прызнаць "экстрэмісцкай арганізацый" у Беларусі. Тады "ЕРАМ" сказаў нам, што, калі гэта адбудзецца, яны будуць адлучацца ад універсітэта. Мелася на ўвазе, што нас забяруць з сабой, а не пакінуць у ЕГУ, бо мы — частка "ЕРАМ". Чуткі так і засталіся чуткамі, але, відаць, вырашылі перастрахавацца, каб не ўцягвацца ў палітычныя разборкі Беларусі».
Цімафей згодны са сваёй аднагрупніцай: «Мне здаецца, усё здарылася праз магчымае прызнанне ЕГУ "экстрэмісцкім фарміраваннем". "ЕРАМ", напэўна, вырашыў не рызыкаваць: усё-ткі многія іх супрацоўнікі дагэтуль дыстанцыйна працуюць з Беларусі. Я магу зразумець жаданне ўседзець на двух крэслах, але не магу прыняць, асабліва, з боку кампаніі, якая асноўныя актывы перавезла ў Еўропу».
Паводле слоў Алісы, рашэнне «ЕРАМ» стала расчараваннем для многіх: «Усе студэнты ў поўным шоку і лічаць, што "ЕРАМ" паступіў агідна. Нас проста кінулі. У самым пачатку вучобы "ЕРАМ" сказаў, што давядзе нашу групу да выпуску, што б ні здарылася. Таму, калі я атрымала ліст аб спыненні супрацоўніцтва "ЕРАМ" і ЕГУ, была ўпэўненая, што мы застанемся з "ЕРАМ" і нас проста прымацуюць да іншага ўніверсітэта. Ага, чакайце».
Цімафей пацвярджае словы аднагрупніцы: «Рэакцыя на тое, што адбылося, ва ўсіх негатыўная. Адчуванне, што нас кінулі. Упэўненасці ў заўтрашнім дні няма. Хтосьці нават збіраецца падаваць пазоў у суд аб незахаванні дамоўленасцей».
«Будучыня застаецца туманнай». Якія варыянты прапанавалі студэнтам і як цяпер выглядае навучальны працэс
На анлайн-сустрэчы пасля абвяшчэння аб спыненні супрацоўніцтва «ЕРАМ» і ЕГУ студэнтам прапанавалі чатыры варыянты далейшых дзеянняў. Пра іх расказвае Цімафей:
«Першы варыянт — застацца ў ЕГУ. Адміністрацыя кажа, што ў навучанні нічога не зменіцца, акрамя назвы праграмы. Пакуль незразумела, як гэта будзе працаваць: усё залежыць ад укладанняў ЕГУ ў нашу праграму. У іх ёсць свая сістэма грантаў, і, магчыма, мы пяройдзем на яе. Верыцца з цяжкасцю: на працягу двух гадоў, што існуе наша спецыяльнасць, кіраўніцтва ЕГУ пастаянна падкрэслівала, што ў іх няма магчымасці нас фінансаваць і таму на нас не распаўсюджваецца частка іх бонусных праграм.
Другі варыянт — пераводзіцца ў любы іншы універсітэт. У якасці прыкладу нам прывялі нейкі IT-інстытут у Літве, але для пераходу ў яго трэба здаць некалькі экзаменаў, каб закрыць акадэмічную розніцу. Навучанне там вядзецца толькі на англійскай і літоўскай, і кошт за яго вышэйшы. Тым, хто ўсё ж вырашыць пераводзіцца, ЕГУ абяцае дапамагчы.
Трэці варыянт — перайсці ва ўзбекскае падраздзяленне. Тыя, хто выберуць гэтую опцыю, страцяць літоўскі ВНЖ, а пасля заканчэння навучання замест міжнароднага дыплома аб вышэйшай адукацыі атрымаюць лакальны.
Апошні варыянт — сыходзіць у акадэмічны адпачынак і чакаць, калі перазапусцяць праграму на базе іншага ўніверсітэта».
Аліса пакуль не вызначылася, які варыянт абраць: «Ёсць магчымасць працягнуць вучобу ў ЕГУ па той жа праграме і з тымі ж выкладчыкамі, але ў дыпломе ўжо не будзе ні слова пра "ЕРАМ", а для мяне гэта прынцыпова важна. Можна пачакаць, пакуль ён перазапусціцца на базе іншага ўніверсітэта, але няма ніякіх прагнозаў, калі гэта адбудзецца».
Цімафей вырашыў заставацца ў ЕГУ: Хачу давучыцца і напрацаваць вопыт, хоць зараз ужо і без прывязкі да "ЕРАМ". Адміністрацыя нашага офіса і ўвесь выкладчыцкі састаў засталіся, так што вучоба працягваецца без змен. Пакуль нават не заўважны сыход, не лічачы адсутнасці мерапрыемстваў. Будучыня, праўда, застаецца туманнай. Калі раней было зразумела, што "ЕРАМ" рыхтуе праграмістаў для сябе і найлепшых студэнтаў пасля выпуску возьме на працу, то цяпер такой упэўненасці няма».
«Яны падкрэслівалі, што наша праграма належыць ЕГУ. Летась рыторыка была зусім іншай». Што студэнтам сказаў ЕРАМ
Акрамя прадстаўнікоў ЕГУ і студэнтаў, у дыскусіі аб спыненні праграмы ўдзельнічалі і кіраўнікі літоўскага офіса «ЕРАМ».
Цімафея іх заявы здзівілі: «Яны падкрэслівалі, што наша праграма належыць ЕГУ, і таму мы застаемся часткай універсітэта. У мінулым годзе рыторыка была зусім іншай. "ЕРАМ" казаў, што мы — незалежны філіял ЕГУ, і менавіта таму ў нас свая адміністрацыя, асобная сістэма платы за навучанне. Так яно і было: мы амаль не кантактавалі з ЕГУ, і большасць іх стыпендый і праектаў на нас не распаўсюджваліся».
Пра тое ж расказвае Аліса: «Адкрываючы нашу праграму, "ЕРАМ" абяцаў рабіць усё аўтаномна, без якой-небудзь прывязкі да ЕГУ. Супрацоўніцтва з універсітэтам, як нам тлумачылі, патрэбна было толькі для таго, каб пасля заканчэння вучобы мы атрымалі дыплом аб вышэйшай адукацыі. Таму я заўсёды з гонарам казала, што вучуся ў школе "ЕРАМ", — і ні слова пра ЕГУ. Па сутнасці, так яно і было.
Ад ЕГУ ў нас быў толькі адзін прадмет на семестр, мабыць, каб устанавіць хоць нейкую сувязь. У астатнім жа мы былі аўтаномнымі: свая адміністрацыя, свае выкладчыкі, вучоба ў асобным офісе. Для мяне ЕГУ быў проста прыпіскай у будучым дыпломе. За два гады я ні разу не была ў яго корпусе і нават не ведаю, дзе ён знаходзіцца».
«У першы год актыўна ўдзельнічаў у жыцці ўніверсітэта. Потым наступіла зацішша». Уражанні студэнтаў ад вучобы
Партнёрства «ЕРАМ» і ЕГУ ажыццяўлялася ў рамках праграмы «School of Digital Engineering» (ESDE). Так называецца эксперыментальнае падраздзяленне «EPAM» для падрыхтоўкі бакалаўраў і магістраў у партнёрстве з універсітэтамі. Падобныя праграмы працуюць у ВНУ Польшчы, Узбекістана, Грузіі, Украіны і іншых краін.
На базе ЕГУ студэнтам ESDE былі даступныя тры спецыялізацыі на выбар: Java EE;. Net; JavaScript/TypeScript. Навучанне вялося на рускай мове з паступовым пераходам на англійскую на старэйшых курсах.
Пасля выпуску студэнты маглі б працаваць Full-stack, Front-end і Back-end распрацоўшчыкамі; тэстыроўшчыкамі і спецыялістамі па забеспячэнні якасці; праекціроўшчыкамі праграмнага забеспячэння і UX-дызайнерамі; распрацоўшчыкамі мабільных прыкладанняў.
Такія ўмовы і перспектывы хутка прыцягнулі абітурыентаў, і, пачаўшы вучобу, яны не расчараваліся ў праграме. Сваім досведам дзеліцца Аліса:
«Я заўсёды марыла працаваць у "ЕРАМ", таму што чула пра іх толькі добрыя водгукі. Калі два гады таму яны абвясцілі набор на праграму на базе ЕГУ, я адразу ж вырашыла паступаць.
Вучоба мне вельмі падабалася, таму што "ЕРАМ" рыхтаваў спецыялістаў пад сябе, а гэта менавіта тое, чаго я хацела. Нам выкладалі супрацоўнікі, мы атрымлівалі практыку ў іх офісах і на апошніх курсах павінны былі пачаць працаваць на іх праектах. Гэта значыць, з універсітэта мы б выйшлі ўжо з практычным досведам, што вельмі важна для IT-індустрыі».
А вось як сваю гісторыю вучобы апісвае Цімафей: «Я не планаваў паступаць у ЕГУ, пакуль не ўбачыў навіны пра іх супрацоўніцтва з "ЕРАМ". Праграма падалася вельмі незвычайнай і цікавай, і я загарэўся гэтай магчымасцю. Паступіць было нескладана: прасілі толькі вынікі дзяржаўных экзаменаў і атэстат — ніякіх унутраных выпрабаванняў. Пачаўшы вучыцца, не расчараваўся. Па-першае, вельмі якасныя курсы. Па-другое, зручны фармат: усе пары праходзяць у "Zoom" і запісваюцца, так што ў любы момант можна іх пераглядзець. Па-трэцяе, няма сесій — трэба толькі здаць выніковыя работы па прадметах.
У першы год актыўна ўдзельнічаў у жыцці ўніверсітэта. У нас праходзілі хакатоны з іх супрацоўнікамі, для найлепшых студэнтаў дзейнічала сістэма грантаў. Былі паездкі ў офіс у Кракаве і ў Тракай — усе выдаткі пакрываў "ЕРАМ". У віленскі офіс нас таксама зводзілі і яшчэ зладзілі экскурсію па горадзе. Для абмену досведам да нас прыязджалі студэнты з Узбекістана, якія навучаліся там па той жа праграме, што і мы ў Літве.
Наведваў нас і асабіста Аркадзь Добкін, заснавальнік, прэзідэнт і старшыня савета дырэктараў. Ён камунікаваў з намі, глядзеў працы і запэўніваў, што ўсіх студэнтаў праграмы давучаць да канца, нават калі праект супрацоўніцтва з ЕГУ не будзе акупляцца.
У наступным навучальным годзе на праграму набралі новы паток, і большасць мерапрыемстваў праводзілі ўжо для гэтых студэнтаў. Наш курс працягваў спакойна вучыцца, пакуль напрыканцы зімовага семестра не з'явіліся навіны пра тое, што ЕГУ нібыта плануюць прызнаць "экстрэмісцкай арганізацыяй" у Беларусі. Адміністрацыя супакойвала: маўляў, яны "працуюць" над бяспекай студэнтаў, але канкрэтыкі не давала.
У вясновым семестры ўсе звязаныя з ім мерапрыемствы нечакана спыніліся. Прычын нам не патлумачылі, проста наступіла зацішша. А потым стала вядома, што ЕРАМ выйшаў з супрацоўніцтва з ЕГУ».
«Новая газета. Балтыя» звярнулася па каментар да ЕРАМ і ЕГУ, але на момант публікацыі адказу не атрымала.