Нягледзячы на складанасці, EPAM працягне працу ў Беларусі

EPAM апрылюдніў справаздачу для Камісіі па каштоўных паперах ЗША. Што ў ёй цікавага?

snimok_ekrana_2019_09_25_v_15.38.53.jpg

EPAM разлічвае працягнуць сваю працу ў Беларусі і прытрымлівацца лакальных бізнес-планаў. Такая інфармацыя з'явілася ў справаздачы кампаніі для Камісіі па каштоўных паперах і біржам ЗША, піша devby.io.

У справаздачы распавядаецца, колькі ў кампаніі грашовых сродкаў на рахунках у банках Беларусі, Расіі і Украіны. Паводле стану на 30 чэрвеня 2022 года, на рахунках у беларускіх банках у EPAM было 40,4 мільёна долараў у эквіваленце, ва ўкраінскіх банках — 40,2 мільёна долараў у эквіваленце, у расійскіх банках — 17,2 мільёна долараў у эквіваленце.

Адметна, што восенню мінулага года кампанія трымала ў беларускіх банках больш за 65 мільёнаў долараў, на канец сакавіка гэтага года — 51 мільён долараў. Акрамя таго, у кампаніі было дадаткова 28,9 мільёнаў долараў у банку, доступ да якіх быў недаступны праз адміністрацыйную праверку з боку банка. Гэтыя сродкі кампанія атрымала на працягу красавіка і амаль усе перавяла ў іншы банк у Беларусі.

Але сума сродкаў на рахунках у расійскіх банках скарачаецца значна больш інтэнсіўна. Калі на канец сакавіка EPAM трымаў там амаль 60 мільёнаў долараў у эквіваленце, то на канец чэрвеня — у тры разы менш.

У той жа час ва ўкраінскіх банках EPAM павялічыў за квартал сродкі на рахунках у 1, 5 разы — з 28 да 40 мільёнаў долараў.

EPAM удакладняе, што грашовыя сродкі ў рэгіёне выкарыстоўваюцца для аперацыйных патрэб. Рэшткі сродкаў у банках змяняюцца ў залежнасці ад аперацыйных патрэбаў.

Таксама EPAM апублікаваў інфармацыю аб доўгатэрміновых актывах у розных краінах.

На канец чэрвеня яны ацэньваліся ў 211,1 мільёна долараў. За паўгода кошт актываў знізіўся на 25 мільёнаў долараў, або на 12%.