EPAM раптоўна спыніў удзел у праграме падрыхтоўкі айцішнікаў у ЕГУ
Буйная ІТ-кампанія EPAM Sistemos нечакана выйшла з праграмы па падрыхтоўцы айцішнікаў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Партнёрства існавала па праекце School of Digital Engineering (ESDE). Што будзе далей?

Фота epam.com
Як адзначае dev.by, студэнты даведаліся пра гэта 11 красавіка на сустрэчы з адміністрацыяй ЕГУ і дырэктарам літоўскага офіса EPAM. Прычыны такога рашэння кампанія не назвала са спасылкай на карпаратыўную таямніцу.
Кіраўніцтва ўніверсітэта прапанавала студэнтам працягнуць навучанне ў ЕГУ на спецыяльнасці «Інфарматыка» ў новым рэарганізаваным філіяле — School of Digital Competences. Пры гэтым кіраўніцтва ЕГУ сцвярджае, што рэарганізацыя не закране навучальнага працэсу.
Альтэрнатыва — узяць акадэмічны адпачынак (у гэтым выпадку вернуць грошы за вясновы семестр) або перайсці ў іншы універсітэт пасля заканчэння семестра.
Адзін са студэнтаў ESDE даў каментар з гэтай нагоды. Паводле яго слоў, многія пакуль ня ведаюць, што рабіць.
— Можна застацца ў ЕГУ, але незразумела, што будзе з праграмай, са структурай курсаў. Хоць і кажуць, што ўсё застанецца гэтак жа, верыцца ў гэта з цяжкасцю. Да таго ж выкладчыкі былі часткова з EPAM. Пераходзіць у іншыя універсітэты не выгадна з-за рознасці праграм і цэн за навучанне. У ЕГУ плата за навучанне за год складае да 2,5 тысяч еўра, а ў іншых універсітэтах у Вільні, калі казаць пра тэхнічныя спецыяльнасці, каля 4,2 тысяч еўра ў год.
Глядзіце таксама

ESDE
EPAM School of Digital Engineering — эксперыментальнае падраздзяленне EPAM для падрыхтоўкі бакалаўраў і магістраў у партнёрстве з універсітэтамі. Праекты ESDE ужо працуюць у ВНУ Польшчы, Узбекістана, Грузіі, Украіны і іншых краін. У 2022 годзе праграма адкрылася ў Літве ў партнёрстве з ЕГУ.
У праграме ў ЕГУ — тры спецыялізацыі на выбар, якія паглыблена вывучаюцца на працягу чатырох семестраў. Акрамя спецыялізацыі, у праграму ўключаныя прадметы, якія дапамогуць будучым ІТ-спецыялістам развіваць soft skills і атрымліваць практычныя кампетэнцыі.
Навучанне вядзецца на рускай мове з паступовым пераходам на англійскую на старэйшых курсах. Першыя два семестра студэнты праходзяць інтэнсіў па англійскай мове, а ў праграме навучання шырока выкарыстоўваюцца англамоўныя навучальныя матэрыялы.
Ёсць тры формы навучання: вочная (афлайн і анлайн) —
3,5 года і завочная — 4,5 года. Сёлета вочнае навучанне каштуе 1800 еўра ў
семестр, завочнае — 1250 у семестр.