Чаму БДУІР і іншыя ВНУ змяншаюць колькасць платных месцаў?

Мінадукацыі абяцае сёлета павялічыць колькасць месцаў на бюджэтнай форме. І так, БДУІР ужо анансаваў больш месцаў для бюджэтнікаў, менш — для платнікаў. 

it_i_vojska.jpg

З экспертам у галіне адукацыі, выкладчыкам Сяргеем Альшэўскім  devby абмеркавала, у што гэта выльецца для ІТ-галіны, і куды цяпер тым, хто раней планаваў вучыцца платна.  

Сяргей Альшэўскі — выкладчык, аўтар праекта «Народны падручнік», распрацоўшчык сістэмы дыстанцыйнага навучання ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Янкі Купалы і нацыянальнага адукацыйнага партала. Экс-супрацоўнік міністэрства адукацыі — працаваў там да 2016 года. Ад 2019 года судзіўся з міністэрствам праз тое, што ўстанова фактычна не разгледзела звароту грамадзян наконт перапоўненых класаў у мінскіх школах. 

— Сяргей, скарачэнне платных месцаў — гэта трэнд ці нармальныя флуктуацыі? Калі трэнд, то навошта гэта дзяржаве? Перанакіроўваюць у сярэднюю спецыяльную адукацыю або ў войска?

— Калі зайсці ў «Агульнарэспубліканскі банк вакансій» і ўбіць у пашукавіку «настаўнік», «выкладчык» — вы атрымаеце каля 1700 вакансій; на запыт «доктар» — учора выскоквала больш за 6700, то-бок не стае вялізнай колькасці спецыялістаў.

Але ж недахоп яшчэ большы: больш за 20% настаўнікаў фізікі і матэматыкі — пенсіянеры. 55+ — гэта катэгорыя спецыялістаў, якая расце, з году ў год іх становіцца ўсё больш; а вось настаўнікі ва ўзросце да 30 — катэгорыя, якая змяншаецца.

У наяўнасці дэфіцыт кадраў. І таму ў сістэме адукацыі спрабуюць вырашаць гэтую праблему, але сваімі фірмовымі (чытайце, саўковымі) метадамі. 

Яны лічаць: трэба, каб людзі проста пайшлі вучыцца ў педВНУ (калі гаворка пра недахоп настаўнікаў). А як гэта зрабіць — даць шмат бясплатных месцаў, а платныя прыбраць — а то такія выпускнікі «паперкі» атрымаюць, а ў школу ні нагой, у іх жа няма адпрацоўкі па размеркаванні.

Але гэта ж не вырашае праблемы, праз якую паўстаў дэфіцыт выкладчыцкіх кадраў, бо праблема — у эканоміцы. Быць настаўнікам — гэта значыць за капейкі выконваць звышадказную працу з неверагоднай дадатковай нагрузкай.

Стаўка на прафтэхадукацыю (ад гэтага года Мінадукацыі плануе скараціць колькасць базавых дзясятых класаў і перанакіраваць у каледжы да 50% дзевяцікласнікаў — заўв.) —  мера з гэтага ж разраду: трэба ж неяк задавальняць попыт на працоўныя рукі. Але цяперашні прафтэх — гэта наогул не пра адукацыю, а хутчэй пра баўленне часу. 

Так што мой адказ такі: дзяржсістэма змагаецца з наступствамі недахопу кадраў, а прычыны ліквідаваць не можа. І гэта, вядома, ні да чога добрага не прывядзе.

— Чаму не прывядзе ні да чога добрага?

— У педВНУ і раней быў недабор. Цяпер жа павелічэнне бюджэтных месцаў знізіць і да таго вельмі нізкі прахадны парог — адпаведна, туды будуць ісці па рэшткавым прынцыпе. Далёка не самыя-самыя.

А калі ўлічыць «фішачку» з мэтавым наборам — то і не толькі ў педВНУ, але і мед-, а таксама тэхнічныя. 

Вось звярніце ўвагу: калі прахадны бал на агульных падставах у медВНУ летась складаў мінімум 330 балаў, то на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі — максімум 181.

Ліцэісту/школьніку з Мінска складаней здабыць мэтавае накіраванне куды-небудзь у Слуцкі раён, чым свайму, мясцоваму хлапчуку. А між тым адставанне ў ведах у сельскіх вучняў ад гарадскіх дасягае трох гадоў — гэта факт, пацверджаны вынікамі PISA. Слабейшы зойме месца ў ВНУ, а мацнейшы — магчыма, палічыць за лепшае атрымліваць вышэйшую адукацыю за мяжой.

— Сёлета плануецца набраць на першы курс БДУІР 2800 — гэта самы нізкі план набору за апошнія 4 гады. Колькасць бюджэтных месцаў — 1290, платных — 1520 (было на 12% больш). Як пракаментуеце гэтыя лічбы — можа, айцішных кадраў усё яшчэ стае?

— Пракаментую так: БДУІР таксама выконвае агульную разнарадку «ўсіх пад ружжо» — павялічыць набор бюджэтнікаў.

А вось чаму ў цэлым зніжаецца колькасць платных месцаў? Кантактаў з-за мяжы ўсё менш, а з РФ — не так ужо шмат, плюс больш распаўсюджаны варыянт аформіцца ў штат у Расіі — і беларуская дзяржава нават не будзе лічыць цябе «дармаедам».

Мне падаецца, што гэта — рэакцыя на рынак. Або яны прынцыпова адмаўляюцца рыхтаваць праграмістаў на экспарт — гіпотэз можа быць шмат.

Глядзіце таксама

План на 2024 год агучыў не толькі БДУІР, але і іншыя ВНУ. Павелічэнне бюджэтных і скарачэнне платных месцаў ёсць, але не ўсюды або нязначнае.

На бюджэтную дзённую форму ФІТіР БНТУ (на ўсе спецыяльнасці) сёлета плануецца набраць 203 чалавекі, на платную — 44 (гэта +7 бюджэтнікаў і -7 платнікаў адносна мінулага года). На спецыяльнасць «Прыкладное праграмаванне» ІПФ плануецца набраць 60 чалавек, усе — бюджэтнікі. 

План прыёму на ФПМІ БДУ адносна мінулага года вырас па ўсіх пазіцыях: +20 бюджэтных і +15 платных месцаў, усяго гэтым летам сюды паступіць 250 студэнтаў-бюджэтнікаў і 85 — платнікаў. На факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій таксама прырост, але толькі бюджэтнікаў (+18 чалавек): план набору — 196 бюджэтнікаў супраць 32 платнікаў.

Па наборы ў БДТУ вядома, што колькасць платнікаў застанецца ранейшай.

Глядзіце таксама

— Куды перанакіруюцца на практыцы выпускнікі, якія маглі б платна атрымліваць адукацыю ў БДУІР або іншай тэхВНУ? І што ўтрымае іх ад паступлення за мяжу?

— Для хлопцаў стрымліваючым фактарам можа быць крымінальная адказнасць за ўхіленне ад прызыву на вайсковую службу.

Але эканамічныя перадумовы, я думаю, будуць паступова перасільваць. І людзі ўсё роўна будуць шукаць шчыліны і з’язджаць за мяжу. І, на жаль, калі казаць пра айцішнікаў, — гэта беззваротныя страты працоўных рэсурсаў.

Дарэчы, што такое сёння «платнік» — чым ён ад бясплатніка адрозніваецца спачатку ў сістэме адукацыі, а потым і на рынку працы?

На пачатку нулявых, калі я сам паступаў, на платнае часцей ішлі тыя абітурыенты, якія не маглі прабіцца на бюджэт — гэта была альтэрнатыва. І так, вельмі часта гэта былі слабейшыя вучні, бо ў тыя часы конкурс на любую спецыяльнасць быў 2,0+. 

Ужо праз 10 гадоў з ростам дабрабыту беларусаў платнік — гэта такі ж абітурыент, які проста ішоў да абранай мэты. Ён мог дазволіць сабе атрымліваць тую адукацыю, якую хацеў атрымаць, а не паступаў туды, куды мог прабіцца па балах. 

Ну і трэці кейс — платна вучыліся і вучацца людзі, якія не хочуць потым адпрацоўваць пасля ВНУ. А яшчэ платнікаў практычна не адлічваюць, у той час як бюджэтнікаў за пропускі могуць папрасіць на выхад — для студэнтаў БДУІР, якія на старэйшых курсах ужо працуюць, гэта дадатковы плюс.

Не варта забывацца: у ВНУ былі і застаюцца спецыяльнасці, на якіх можна было вучыцца толькі платна, а таксама спецыяльнасці з вельмі абмежаванай колькасцю бюджэтных месцаў — той жа юрфак, напрыклад. 

Калі параўноўваць цяпер, якая розніца паміж студэнтамі платнай і бюджэтнай формы навучання, улічваючы, што агульны ўзровень адукацыі значна знізіўся, — фактычна ніякай. Платнік — такі ж студэнт.

А для ВНУ платнік — крыніца даходу, за які яны вельмі трымаліся, паколькі бюджэтнага фінансавання ім не стае. Каб дзяржава дала ВНУ магчымасць набіраць студэнтаў на платнае, зыходзячы са сваіх фінансавых патрэб, — расклад быў бы зусім іншым.

А калі б з вайсковым абавязкам папрацаваць, то я думаю, для многіх было б адкрыццём убачыць, што многія хлопцы пайшлі б у прафтэх, а не імкнуліся б ва ўніверсітэты дзеля адтэрміноўкі ад войска. 

Глядзіце таксама

— Для рынку працы і ІТ-галіны — гэта добра ці дрэнна?

— Пачнем з таго, што колькасць бюджэтнікаў БДУІР павялічвае на 11%, гэта значыць — плюс 11% тых, каго пасля трэба кудысьці размеркаваць.

Размеркаванне — гэта нявыгадны інструмент і для аўтсорсу таксама, але асабліва для тых прадуктовых кампаній, якія толькі-толькі выходзяць на рынак. У іх яшчэ не факт, што ўсё атрымаецца, і браць на сябе забавязанне на два гады (а цяпер, магчыма, — і пяць) па працаўладкаванні кагосьці — гэта каласальная дадатковая нагрузка.

А цяпер успомнім, што кампаніі з Беларусі сыходзяць, закрываюць найманне… Курыцу, якая нясе залатыя яйкі, зарэзалі — так што больш будзе студэнтаў або менш, для галіны не так важна, бо яе самой неўзабаве можа не быць.

— Як думаеце, ці могуць з часам суадносіны бюджэтнікаў і платнікаў у БДУІР і іншых тэхВНУ ў працэнтных суадносінах дайсці да 80/20? 

— Не, не дойдуць! ІТ развіваецца па правілах бізнэсу, а такімі метадамі вырашаецца праблема дзяржсектара. Але айцішныя кадры ў дзяржсектары — гэта людзі, якія могуць пераўсталяваць вінду або перапісаць інвентарныя нумары, а гэта ўзровень каледжаў. 

Праграміст, які прыходзіць на дзяржпрадпрыемства, сыходзіць адтуль з невялікім наборам навыкаў — прынтар заправіць, ды і ўсё. Лічаныя кампаніі патрабуюць навыкі праграмавання — а для іх хопіць тых выпускнікоў-бясплатнікаў, што ёсць цяпер.