«Ерэван называюць азербайджанскім горадам». Чаму Арменія чакае нападу ад Баку
Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў тэлеканалу «France 24», што Азербайджан рыхтуецца да новай вайны, а ўдзел Арменіі ў АДКБ замарожаны. «Белсат» пацікавіўся меркаваннем палітычнага аглядальніка Рубена Меграбяна, наколькі асцярогі Арменіі сурʼёзныя і пры чым тут імперскія амбіцыі Расіі.
«Баласт, які проста ўжо нецярпімы»
Нікол Пашыньян сустракаўся 17 лютага з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым і назваў сустрэчу канструктыўнай. Аднак, мяркуючы па яго інтэрвʼю, напружанне засталося.
«Дзіўная заява Нікола Пашыньяна [аб падрыхтоўцы Азербайджану да вайны] адлюстроўвае рэаліі. У адрозненне ад Арменіі, Азербайджан адмаўляецца прызнаваць межы 1991 года. Адмаўляецца праводзіць работы па дэмаркацыі па межах 1991 года. Адзіная легітымная аснова для гэтых межаў на ўсёй постсавецкай прасторы — гэта межы 1991 года, прынятыя Алмацінскай дэкларацыяй. Прычым прынялі гэта ўсе постсавецкія краіны.
Рэвізіянісцкая палітыка Азербайджана, аб спыненні якой казаць у нас няма падстаў, дае падставы казаць, што Азербайджан, такім чынам, задумвае сілавыя дзеянні. Адмаўляецца ад заключэння мірнай дамовы менавіта на гэтай аснове, называе Арменію заходнім Азербайджанам, Ерэван называе старажытным азербайджанскім горадам і гэтак далей», — кажа Рубен Меграбян.
Нягледзячы на тое, што колькасць насельніцтва Арменіі больш, чым утрая меншая, чым у Азербайджане, дыктат яна цярпець не мае намеру, адзначае суразмоўца: «Гэты дыктат Баку здзяйсняе ў каардынацыі з Масквой. Паралельна ідзе дыскурсіўны і дыпламатычны ціск Масквы на Ерэван. Так, суадносіны сіл не на нашу карысць, але мы не маем намеру трываць шантаж і нічога не рабіць. Натуральна, мы будзем рабіць крокі, каб забяспечыць ваенна-палітычны баланс і прыбіраць з шляху ўсё, што перашкаджае сувязі са светам. У прыватнасці, гаворка ідзе пра нейкія анахранічныя абавязкі Арменіі ў дачыненні да Расіі. Для нас гэта баласт, які проста ўжо нецярпімы», — працягвае суразмоўца.
Паступовы выхад з АДКБ?
Падобна на тое, такім баластам стала і прысутнасць Арменіі ў АДКБ, улічваючы, што ў канфлікце з Азербайджанам, які абвастрыўся, абʼяднанне не прыйшло на дапамогу. Пашынян таксама заявіў аб замароцы прысутнасці краіны ў АДКБ і адзначыў, што не бачыць пераваг у расійскіх вайсковых базах у Арменіі.
«Гэта адлюстроўвае становішча рэчаў, якое склалася ў адносінах Арменіі з АДКБ. Арменія не ўдзельнічае ў мерапрыемствах АДКБ, не прызначае туды прадстаўніка, не падпісвае і наогул не цікавіцца ніякімі дакументамі, якія там прадстаўляюцца расійскімі цемрашаламі кожны раз на гэтых вячорках. Гэта і ёсць замарозка.
Спадар Пяскоў [прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна] запярэчыў, што Арменія не заяўляла пра гэта. Вось і заявіла. Ён, напэўна, меркаваў, што Арменія будзе з дапамогай нейкай урачыстай цырымоніі апавяшчаць спадара Пяскова і яго шэфа ў сувязі з гэтым. Альбо ў яго рэальна скажоныя ўяўленні аб рэчаіснасці, альбо ён наўмысна скажае», — кажа Меграбян.
На думку эксперта, Арменія можа зусім выйсці з АДКБ, але гэта не робіцца за адзін раз.
«Арменія таксама кіруецца логікай мінімізацыі магчымых шокаў. Гэта працэс з некалькіх этапаў, а не аднамомантавы. Але мы ідзем да гэтага, бо не можам не ісці. Таму што тут стаіць пытанне існавання Арменіі на экзістэнцыяльным узроўні», — падкрэслівае эксперт.
А адкуль наогул праблемы з Азербайджанам і маніпуляцыямі Масквы, калі Арменія прызнала межы 1991 года?
«Арменія зрабіла гэта яшчэ ў 1991 годзе, калі карабахскае пытанне з унутранай справы Савецкага Саюзу ператварылася ў міжнародную праблему, таму што Савецкі Саюз перастаў існаваць. Іншая справа, што да гвалтоўных дзеянняў звяртаўся Азербайджан. Кожны раз. Войны развязваў толькі Азербайджан. Арменіі нічога не заставалася рабіць, як абараняць армянскае насельніцтва ў Нагорным Карабаху. Першая Карабахская вайна здарылася менавіта праз гэта. Нам навязвалі войны. Мы ім навязалі мір. А што яшчэ было рабіць? Менавіта для таго, каб не здарылася таго, што здарылася ў 2023 годзе [ваенная аперацыя Азербайджану на тэрыторыі Нагорнага Карабаху]. А ў 2023 годзе здарылася гэта з той простай прычыны, што Расія і Азербайджан выступілі ў тандэме. І Расія — саўдзельнік гвалтоўнай дэпартацыі армянаў з Нагорнага Карабаху», — мяркуе Рубен Меграбян.
Расія за кошт канфлікту Арменіі і Азербайджану спрабуе прасоўваць свае інтарэсы, упэўнены суразмоўца.
«Расія хоча вырашыць свае пытанні ў рамках неаімперскай стратэгіі, заахвочваючы Азербайджан. Расія — гэта краіна з інстытуцыйнаю памяццю. Менавіта такі расклад, такія спружыны былі пушчаныя ў ход і ў царскі час. 1905 год, калі імперыя слабела знутры, то яна развязвала габрэйскія пагромы на сваіх ускраінах.
Тое ж, калі бальшавікі аднаўлялі Расійскую імперыю на
Каўказе ўжо ў 1920 годзе. Тое ж самае — спачатку
падкупіць Азербайджан, потым здзейсніць напад на Арменію, выкормліваючы
кавалкамі Арменіі нашых суседзяў. А потым завяршыць справу і тым самым прыйсці
ратаваць усіх. Вось і ўся расійская палітыка — простая
як сібірскі валёнак. Але хопіць, усё», — заключае
палітычны аглядальнік.