Эстонія адкрыла 95 новых выспаў, але плошча краіны паменшылася. Як такое магчыма?
Для вымярэння дакладнай плошчы краіны Зямельны дэпартамент Эстоніі кожныя 8 гадоў абнаўляе дзяржаўную мапу. «Рэферэндумы» па адлучэнні тэрыторый праводзіць не хто іншы, як вада: праз рух крынічак берагавая лінія змяняецца ўвесь час. Гэтым разам балтыйская краіна абзавялася амаль сотняй новых выспаў!
![Балотныя выспы на ўзбярэжжы Балтыйскага мора Балотныя выспы на ўзбярэжжы Балтыйскага мора](/img/v1/images/vokladka_63.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Балотныя выспы на ўзбярэжжы Балтыйскага мора
Эстонія славутая сваім неверагодным этнасам ды традыцыямі, пампезнай архітэктурай, талінскімі чайкамі і, канешне, вялізнай колькасцю выспаў. Сярод іх ёсць буйныя «мацерычкі» з развітой інфраструктурай і ўсімі неабходнымі выгодамі цывілізацыі. Гэта, напрыклад, востраў Саарэма, што займае такую ж плошчу, як Віцебскі ці Лунінецкі раён. Сэрвісы тут арганізаваны настолькі цудоўна, што нават калі ў мясцовых населеных пунктах знайсці неабходнае брэндавае адзенне ці тэхніку не атрымаецца, любы тавар можна замовіць з кантынентальнай часткі краіны ды атрымаць яго ў паштамаце ля дома праз 1-2 дні.
Звычайная школа на выспе Саарэма. Фота: Karisma Architekid
Але выспамі лічацца таксама і нежывыя адклады камення даўжынёй у некалькі сотняў метраў, раскіданыя па марскіх прасторах. У большасці яны ніяк не выкарыстоўваюцца праз адсутнасць патрэбы ў дадатковай прасторы. Ды і ўвогуле, кожны з іх можа знікнуць так жа раптоўна, як і з’явіўся.
Апошняе мапаграфаванне Эстонскай Рэспублікі было праведзена ў 2016 годзе: тады краіна мела надзвычай прыгожую лічбу ў 2222 выспы.
![Скалістыя выспы ў Балтыйскім моры Скалістыя выспы ў Балтыйскім моры](/img/v1/images/skalistyja_vyspy_u_baltyjskim_mory.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Скалістыя выспы ў Балтыйскім моры
Новыя аэрафотаздымкі і даныя аэралазернага сканіравання былі сабраны супрацоўнікамі Зямельнага дэпартамента яшчэ чатыры гады таму — увесь гэты час картографы выконвалі шмат цікавай працы і падлічвалі дакладную плошчу дзяржавы. Асаблівая ўвага канешне ж надавалася менавіта выспам, якіх ужо на першы погляд стала значна больш. Як паведамляе эстонскае выданне «Maaleht», на мінулым тыдні нарэшце была паказана новая мапа Эстоніі.
![Новыя эстонскія выспы. Крыніца: Maa-amet Новыя эстонскія выспы. Крыніца: Maa-amet](/img/v1/images/novyja_estonskija_vyspy._krynica__maa_amet.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Новыя эстонскія выспы. Крыніца: Maa-amet
Паводле справаздачы, колькасць марскіх астравоў за 8 гадоў змянілася ад 2222 да 2317, то-бок павялічылася на 95 адзінак. Але адметна тое, што пры гэтым краіна страціла 4 квадратныя кіламетры сваёй былой плошчы.
Кіраўніца аддзела прасторавых даных Зямельнага дэпартамента Леа Паўтс патлумачыла, як такое магло адбыцца:
«Берагавая лінія Балтыйскага мора пастаянна мяняецца. На берагавую лінію ўплываюць пасляледавіковыя ўздымы, якія выклікаюць падняцце грунту, а таксама бесперапынная берагавая эрозія і працэсы акрэцыі, асабліва інтэнсіўныя падчас штормаў. Такім чынам, берагавую лінію трэба час ад часу перанакідваць», — распавяла навукоўца.
Гэта сапраўды цікава, бо ствараецца ўражанне, нібыта марскія хвалі разбіваюць Узбярэжжа. Але не!
Паводле многіх еўрапейскіх прыродазнаўцаў, Балтыйскае мора ўвогуле характарызуецца як выміраючае. У дадатак да таго, што яно і так мае вельмі маленькую глыбіню, узровень вады ў ім штогод значна падае. Насамрэч асноўнай прычынай размыцця берага з’яўляецца ўздзеянне крыніц, ураганаў і жорсткіх перападаў тэмпературы. Мацерыковае ўзбярэжжа паступова абвальваецца, але гэтая ж парода назапашваецца ў адным месцы, на якім з цягам часу фарміруюцца адклады. Такім чынам краіна набывае новыя выспы.
Мінімальны памер марскога вострава, які ўлічваецца пры картаграфаванні, складае 100 квадратных метраў, а ў выпадку стаячай ці праточнай вады — 20 квадратных метраў. Таму новыя выспы — гэта ў асноўным невялікія адклады, размешчаныя ў плыткіх прыбярэжных водах.
«Ці будуць іх называць і як, залежыць ад іх упартасці, ад іх асаблівасці і ад таго, ці патрэбна людзям іх называць — напрыклад, каб растлумачыць сябрам, куды яны каталіся ўлетку на каноэ або зімой на каньках», — распавядае кіраўніца Зямельнага дэпартамента.
Выспа Саарэма. Фота: Droonipildid
Як не дзіўна, эстонцы да падзеі ставяцца вельмі сур’ёзна. Леа Паўтс падкрэслівае, што да інтэграцыі новых даных трэба ставіцца адказна, бо дакладная плошча тэрыторыі з’яўляецца адным з найважнейшых звестак пра дзяржаву. Лічбу ўжо змянілі ў Вікіпедыі і на дзяржаўных сайтах: далей зрабіць праўкі неабходна ў даведніках, школьных падручніках ды іншых дапаможніках, у якіх указана неактуальная інфармацыя.
Адметна, што жыхары літоўскай Клайпеды, якая таксама стаіць на Балтыйскім моры, не толькі адзначаюць значнае абрушэнне берагавой лініі, але і б’юць трывогу праз пагрозу знікнення ўнікальнага ўзбярэжжа з балтыйскімі соснамі.
Галандскі калпак, Клайпеда. Фота: Delfi
«Delfi» звярнулася да старшага навуковага работніка цэнтра Даследаванняў прыроды Гінтаўтаса Жылінскаса, які расказаў, што адбываецца з прыродай на ўзбярэжжы Балтыйскага мора:
«Мы вымяраем яго ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Бывае так, што тры гады без апоўзняў, а потым адразу 1,5 м ці нават больш», — паведамляе навукоўца. Жылінскас тлумачыць, што гэта нармальная прыродная з’ява, але трэба быць гатовымі да таго, што аглядныя пляцоўкі і інфраструктуру на схілах давядзецца пераносіць на больш далёкую адлегласць. Больш за тое, па яго словах, з цягам часу склоны будуць станавіцца вышэйшымі, а віды больш прывабнымі.
Спецыяліст таксама адзначае, што абрывы выклікаюцца падземнымі крыніцамі — грунтавымі водамі, а не морам. На гэта ўплываюць перапады тэмпературы зімой: крыніцы то замярзаюць, то адтаюць, а ў выніку пачынаюцца апоўзні, што прыводзіць да скарачэння тэрыторыі.