Францыя. Баскі і веласіпеды

Баскі, якія жывуць у Францыі (для даведкі: іх тут каля 250 тысяч) перажываюць няпросты этап у гісторыі камуны. Упершыню за дзесяцігоддзі сярод веласіпедыстаў, якія прадстаўляюць каманду ад фірмы «Euskaltel» (тэлеаператар у Краіне Баскаў) на сусветна вядомай велагонцы «Тур дэ Франс», няма ніводнага этнічнага баска.



mugi20_001_1_euskaltel_taldea.jpg

Каманда «Euskaltel». Фота www.euskaraz.net

Дырэкцыя кампаніі вырашыла зрабіць стаўку на «варагаў», запрасіўшы галоўным чынам іспанцаў і нават грэка. Новую кадравую палітыку кіраўніцтва кампаніі апраўдвае пагрозай таго, што каманда з-за слабых выступаў можа згубіць інтарэс рэкламадаўцаў і, адпаведна, не мець бюджэту, які патрэбны для каманд такога ўзроўню.

Такі падыход выклікаў вялікую дыскусію сярод французскіх баскаў. У выніку большасць вырашыла падтрымаць «Euskaltel» нават у такім фармаце. Як і ў мінулыя гады, уздоўж велатрасы «Тур дэ Франс» можна пабачыць людзей, якія махаюць нацыянальнымі баскскімі сцягамі, вітаючы гоншчыкаў з «Euskaltel».

Нацыяналісты знайшлі як мінімум два аргументы на карысць такой пазіцыі. Па-першае, у моладзевым рэзерве «Euskaltel» шмат баскаў маюць шанс заявіць пра сябе ў будучым, калі «Euskaltel» працягне выступаць у «Тур дэ Франс». Па-другое, легіянеры, выступаючы за каманду з рэнамэ каманды баскскіх нацыяналістаў, павіны будуць так ці інакш цікавіцца баскскай культурай і палітыкай. Магчыма, нехта з іх стане аматарам нашай традыцыі, кажуць баскі з французскай часткі Краіны Баскаў, і дадаюць: «Баскскі праект павінен быць адкрытым».

Паводле іспанскай прэсы