Францыя. У чаканні канстытуцыйнай рэформы — пасады прэзідэнта больш не будзе
Калі верыць французскаму штотыднёвіку «Marianne», прэзідэнт Франсуа Аланд прыдумаў, што рабіць пасля паразы сваёй партыі сацыялістаў на сакавіцкіх рэгіянальных выбарах. Нагадаем, што яны закончыліся перамогай правых, і ў тым ліку вярнулі ў палітыку Нікаля Сарказі, чый блок атрымаў пад кантроль большасць дэпартаментаў.

Каб не дапусціць паўтарэння падобнага сцэнару праз два гады на прэзідэнцкіх выбарах, Аланд, быццам, плануе шырокую рэформу Канстытуцыі. Такім чынам плануецца, што на пасаду прэзідэнта рэспублікі ў 2017-м павінен балатавацца не адзін кандыдат, а кандыдат і кандыдатка.
Адпаведна, пасады прэзідэнта больш не будзе — краінай будуць кіраваць два супрэзідэнты. Аланд робіць стаўку на тое, што партыйныя культуры правых партый пабудаваныя на мужчынскіх забабонах і прынцыпе асабістага лідарства.
У выпадку прыняцця новага закону канфлікты сярод апанентаў сацыялістаў непазбежныя, што, быццам, дазволіць Аланду лёгка пераабрацца. Цяжка сказаць, наколькі можна верыць гэтай публікацыі, паколькі яна з’явілася на сайце «Marianne» 1 красавіка.
Паводле французскай прэсы