ЦВК Узбекістана: за Карымава прагаласавала каля 90% працэнтаў выбарцаў, яўка — 91%
Паводле папярэдніх дадзеных ЦВК Узбекістана, пасля апрацоўкі каля 90 працэнтаў бюлетэняў, Іслам Карымаў атрымлівае перамогу на чарговых выбарах, набіраючы 90,39% галасоў. Яўка на выбарах, як сцвярджаецца, склала 91 працэнт.
Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Узбекістане адбыліся 29 сакавіка. Нароўні з дзеючым кіраўніком рэспублікі, у іх прымалі ўдзел трое кандыдатаў.
Місія СНД ацаніла выбары як свабодныя і адкрытыя, адпавядаючыя дэмакратычным нормам. З перамогай Карымава ўжо павіншаваў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.
Місія АБСЕ, у сваю чаргу, канстатавала, што на выбарах фактычна не было спаборніцтва: "галоўнае месца было нададзена дзейнаму прэзідэнту Карымаву". Прадстаўнікі АБСЕ таксама звярнулі ўвагу на тое, што Карымаў балатаваўся на чарговы тэрмін насуперак канстытуцыйнай норме, якая забараняе аднаму чалавеку займаць прэзідэнцкую пасаду больш за два разы запар.
77-гадовы Іслам Карымаў у часы СССР займаў пасаду першага сакратара ЦК кампартыі Узбекскай ССР). Пасля двойчы займаў пасаду прэзідэнта. Пасля унясення паправак у канстытуцыю ў 2007 годзе ён пераабраны на трэці тэрмін. Яго прыхільнікі пры гэтым сцвярджалі, што з-за ўнясення паправак у асноўны закон (яны тычыліся працягласці прэзідэнцкіх паўнамоцтваў) папярэднія тэрміны Карымава як бы «абнуліся», што дазволіла яму балатавацца зноў.