Гаага па-афрыканску. Ці асудзяць былога прэзідэнта за забойства?

Блэз Кампаорэ прыйшоў да ўлады ў Буркіна-Фасо ў выніку дзяржаўнага перавароту, падчас якога былы прэзідэнт Тама Санкара і група яго паплечнікаў былі забітыя. І толькі праз 34 гады Кампаорэ прад’яўлена абвінавачанне ў гэтым забойстве.

Блэз Кампаорэ, EPA/IAN LANGSDON

Блэз Кампаорэ, EPA/IAN LANGSDON

Буркіна-Фасо — гэта былая Верхняя Вольта. У 1984 годзе краіна стала называцца Буркіна-Фасо, што перакладаецца з мясцовага дыялекту як «радзіма сумленных людзей». Такая паэтычна-пафасная назва краіны не выпадковая, паколькі яе прыдумаў не хто іншы, як Тама Санкара — тагачасны прэзідэнт, якога за свае рамантычна-рэвалюцыйныя погляды яшчэ пры жыцці называлі «афрыканскі Чэ Гевара».
Стыль Тама Санкара лепш за ўсё ілюструе тое, як у яго часы быў арганізаваны побыт прэзідэнта. Ён жыў на 450 долараў у месяц — аклад армейскага капітана, а прэзідэнцкі заробак у памеры 2000 долараў пералічваў у сіроцкі фонд. Быў прададзены ўвесь урадавы аўтапарк, які складаўся з «Мерседэсаў». Замест іх для патрэб міністраў былі набытыя машыны маркі «Рэно 5» — самыя танныя на той момант аўтамабілі ў краіне. Больш за тое, Санкара забараніў чыноўнікам карыстацца асабістымі шафёрамі і лётаць першым класам. Клеркі таксама павінны былі замяніць дарагія заходнія гарнітуры на традыцыйную вопратку, пашытую мясцовымі вытворцамі. Адным з першых новаўвядзенняў яго ўрада стала абнародаванне даходаў усіх дзяржаўных чыноўнікаў.

«Афрыканскі Чэ Гевара» Тама Санкара

«Афрыканскі Чэ Гевара» Тама Санкара

Урадавая праграма Тама Санкара ўключала комплекс мер па фарсіраванай мадэрнізацыі эканомікі і сацыяльнай сферы, эмансіпацыю жанчын і разрыў з архаічнымі традыцыямі, барацьбу з прывілеямі чыноўнікаў. Не дзіўна, што такі радыкалізм хутка прывёў да фарміравання ў асяроддзі арміі і вертыкалі ўнутранай апазіцыі, нефармальным каардынатарам якой стаў Блэз Кампаорэ — калісьці, дарэчы, аднадумец Санкара і нават другі чалавек у яго камандзе.
15 кастрычніка 1987 года Блэз Кампаорэ ўзначаліў чарговы дзяржаўны пераварот, падчас якога прэзідэнт Тама Санкара і з група яго паплечнікаў былі забітыя пры штурме прэзідэнцкага палаца. Сам Кампаорэ адразу абвясціў сябе новым кіраўніком дзяржавы і ўрада, дэвізам якога стаў лозунг пра выпраўленне перакосаў рэвалюцыі.
На справе гэта значыла адыход ад сацыялістычных пражэктаў на карысць звычайнай афрыканскай перыферыйнай дыктатуры, якая пад ціскам патронаў з заходніх сталіц мусіла імітаваць нейкі дэмакратычны працэс. У 1991 годзе ў краіне прайшоў рэферэндум, па выніках якога была прынятая новая Канстытуцыя. Новы Асноўны закон уводзіў два 7-гадовыя прэзідэнцкія тэрміны. 1 снежня таго ж года адбыліся прэзідэнцкія выбары, перамогу на якіх атрымаў адзіны кандыдат. Гэтым кандыдатам, зразумела, быў дзеючы прэзідэнт, які набраў 86% галасоў. Апазіцыя тыя выбары байкатавала.
Наступныя прэзідэнцкія выбары 1998 года нагадвалі дэжа-вю. Гарант быў дзяжурна пераабраны, набраўшы 87,5% галасоў на фоне байкоту выбараў з боку вядучых апазіцыйных партый.
У 2000 годзе Кампаорэ нечакана пагадзіўся на лібералізацыю — у Канстытуцыю была ўнесена папраўка пра скарачэнне прэзідэнцкага тэрміна з 7 да 5 гадоў. Як стала зразумела пазней, рэформа спатрэбілася выключна для таго, каб стварыць прававы казус і дазволіць Кампаорэ балатавацца ў чарговы раз. Вынік — у 2005 годзе Кампаорэ быў у чарговы раз пераабраны з 80% галасоў падтрымкі.
Такую порцыю галасоў атрымаў ён і на выбарах у 2010-м. Аднак гэтым разам у сістэме выявіўся дэфект. На наступны дзень пасля «элегантнай перамогі» выбухнулі хваляванні вайскоўцаў, прычым не дзе-небудзь, а ў казарме прэзідэнцкага палка, размешчанай непасрэдна ў рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы ў сталіцы краіны. З улікам таго, што патрабаванні жаўнераў былі выключна матэрыяльнага характару, выступ неяк лакалізавалі, хаця шмат цывільных, якія падтрымалі жаўнераў, былі забітыя.
Прэзідэнт не пачуў сігналу, і ў кастрычніку 2014 года быў ухвалены праект новай рэдакцыі Канстытуцыі, згодна з якой колькасць магчымых прэзідэнцкіх тэрмінаў меркавалася павялічыць з двух да трох. Законапраект аб унясенні змен у Канстытуцыю быў адпраўлены на разгляд Нацыянальнай асамблеі, якая магла ўхваліць папраўкі без правядзення рэферэндуму.
Напярэдадні пасяджэння Асамблеі акцыі грамадзянскага непадпарадкавання ў сталіцы і іншых буйных гарадах перараслі ў масавыя беспарадкі і сутыкненні з паліцыяй. Напалоханы ўрад абвясціў пра адклiканне законапраекта, аднак пратэсную хвалю спыніць было немагчыма. Адначасова захісталася сілавая вертыкаль. 30 кастрычніка кіраўнік Генштаба абвясціў пра роспуск урада і парламента, увядзенне надзвычайнага становішча і правядзенне дэмакратычных выбараў. Пад ціскам ваенных, якія імкнуліся захаваць кантроль над сітуацыяй, Кампаорэ пагадзіўся датэрмінова сысці ў адстаўку і хуценька падаўся ў эміграцыю.
Ці не адразу пасля падзення старога парадку пачалі гучаць заклікі, каб пакараць экс-гаранта хаця б завочна. Судовыя працэсы сапраўды праз нейкі час пачаліся, аднак адвакаты Кампаорэ елі свой хлеб недарма. Так, у 2016-м яны дамагліся, каб Вярхоўны Суд зняў з яго абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе. Пасля затармазілася расследаванне па абвінавачанні ў санкцыі на сілавое падаўленне акцый пратэсту ў кастрычніку 2014 года (у выніку сілавых дзеянняў загінулі 24 чалавекі, больш за 600 атрымалі раненні). Цяпер пачынаецца справа па забойстве Тама Санкара. 14 красавіка былому прэзідэнту Буркіна-Фасо прад’яўлена абвінавачанне на гэты конт.
Гэта, натуральна, не азначае аўтаматычнага пакарання для Кампаорэ, які, калі верыць інтэрнэту, знаходзіцца ў суседняй рэспубліцы Кот-д’Івуар. Не кажучы пра тое, што шмат хто з жыхароў Буркіна-Фасо даўно забыўся пра мінулае, пераключыўся на новыя фішкі і ўвогуле нярэдка лічыць, што ўрад штучна ўздымае тэму адказнасці Кампаорэ, каб адводзіць увагу ад сваіх хібаў. Аднак дасюль у краіне хапае і тых, хто патрабуе справядлівасці. А некаторыя з іх, як піша прэса, увогуле лічаць, што судзіць трэба ўсіх, хто з 1987 па 2014 гады хоць нейкім чынам працаваў на рэжым.