Вогнены вершнік і крыж на лбе
Каталікос — Патрыярх усяе Грузіі Ілія II падчас нядзельнай пропаведзі сказаў, што яму з’явілася ў сне інфармацыя пра перамогу чалавецтва над каронавірусам.
Патрыярх распавёў, што бачыў, як вогнены чалавек, які сядзіць на кані, пераляцеў над яго галавой і знік. Затым да яго падышло дзіця, плюнула на зямлю, пальцам змяшала сліну і намалявала сабе крыж на лбе.
Ілія II назваў сваё бачанне знакам таго, што з дапамогай Госпада і Крыжа чалавек зможа перамагчы каронавірус.
Навіна, напэўна, уздыме аптымізм грузінаў. У самой Грузіі каронавірус выяўлены ў пакуль дваццаці чатырох пацыентаў, але сітуацыя можа пагоршыцца праз суседства з Іранам, дзе хворых вельмі шмат.
Дарэчы, дырэктар грузінскага Мінздароўя заклікаў грузін адмовіцца ад традыцыі цалавацца пры сустрэчах і паціскаць рукі. Гэта выклікала шмат жартоўных каментараў, у тым ліку заклік замяніць вітальны поціск рукамі поціскам ног.
Паводле грузінскай прэсы