Грузія ў 2016 годзе можа атрымаць запрашэнне ў НАТА

Міністр замежных спраў Турцыі Меўлют Чавушаглу лічыць, што Варшаўскі саміт НАТА, які адбудзецца ў 2016 годзе, павінен быць прысвечаны пашырэнню альянсу.



nato.jpg

Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі пасля завяршэння міністэрскай сустрэчы альянсу ў горадзе Белек, паведамляе Украінская праўда.

Чавушаглу нагадаў, што на чарговых самітах альянсу, якія праходзяць раз у два гады, заўсёды ёсць «сесія, прысвечаная пашырэнню». «У Варшаве яна таксама будзе. Мы падтрымліваем пашырэнне НАТА», — падкрэсліў ён.

«Я думаю, што ў 2016 годзе саміт будзе прысвечаны пашырэнню, і краіны, якія паказалі найлепшы прагрэс, павінны атрымаць станоўчы адказ. Яны павінны атрымаць запрашэнне да сяброўства», — заявіў Чавушаглу.

Паводле яго слоў, абмяркоўваецца такая магчымасць у дачыненні да чатырох дзяржаў. «Цяпер ёсць чатыры краіны-кандыдата — Боснія і Герцагавіна, Македонія, Чарнагорыя і Грузія», — паведаміў ён.

У сваю чаргу, кіраўнік МЗС Польшчы Гжэгаж Схетына выказаў надзею, што польскі саміт НАТА стане «пераломным». «Мы разлічваем на тое, што гэты саміт стане пераломным, а НАТА выйдзе на новы ўзровень. Бачу, што чаканні калегаў з іншых краін вялікія — ад парадку дня і да перакананасці, што ўсе краіны Альянсу павінны цесна паміж сабой супрацоўнічаць і будаваць новую якасць», — сказаў Схетына.

Кіраўнік польскага МЗС дадаў, што дзяржавы-чальцы НАТА павінны аднолькава ўспрымаць пагрозы на ўсходзе і на поўдні. «Так, каб адно не пераважала над іншым, каб прынцып «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго» і супольнасць з 28 краін выразна выяўлялі сябе ў гэтым», — сказаў Схетына