Хтосьці павінен пакаяцца

Прэзідэнт Мексікі Мануэль Лопес Абрадор запатрабаваў прабачэнняў ад Іспаніі і Ватыкана за даўні гвалт канкістадораў. Іспанцы, у сваю чаргу, прапануюць мексіканцам пакаяцца за свае прозвішчы.

Фота www.newrezume.org

Фота www.newrezume.org

Як вядома, тэма прызнання гістарычнай віны вельмі папулярная ў міжнароднай палітыцы. Цяпер да гэтага далучылася Мексіка. Мануэль Лопес Абрадор, новы прэзідэнт Мексікі, нечакана накіраваў іспанскаму манарху ліст з патрабаваннем выбачыцца за знішчэнне мясцовых індзейцаў у часы каланізацыі Амерыкі. Сваё патрабаванне мексіканскі гарант суправадзіў відэасюжэтам, у якім ён выступае на фоне руін аднаго са старажытных гарадоў індзейцаў. Палітык нагадвае гледачам, што тэрыторыя сучаснай Мексікі была заваяваная іспанцамі «крыжам і мячом»: «Гэта была заваёва, а не мірнае перасяленне, і сёння Іспанія павінна папрасіць прабачэння за дзеянні сваіх падданых у той час».

Сваю заяву мексіканскі лідар прымеркаваў да 500-й гадавіны прыбыцця ў Мексіку групоўкі Эрнана Картэса, што высадзілася ў лютым 1519-га каля сучаснага Веракруза. Адтуль пачаўся наступ на сталіцу ацтэкаў, якую з часам знішчылі. Разгром імперыі ацтэкаў дазволіў іспанцам закласці аснову іх панавання ў Новым Свеце. У тым ліку стварыць віцэ-каралеўства Новая Іспанія, якое пазней стала Мексікай.

Наогул, у Мадрыдзе цяпер пры ўладзе знаходзяцца сацыялісты пад кіраўніцтвам Педра Санчаса, якія па логіцы жанру павінны асуджаюць каланіяльную спадчыну. Таму адказ іспанскага МЗС гучыць вельмі абстрактна: «Урад Іспаніі заяўляе пра сваю гатоўнасць працаваць разам з урадам Мексікі і будаваць належную аснову для паглыблення адносін дружбы і супрацоўніцтва». Дадаецца, што падзеі, якія здарыліся шмат стагоддзяў таму, нельга разглядаць у сучасных маральна-палітычных катэгорыях.

А вось іншыя партыі не стрымліваюць сябе ў выразах. «Словы мексіканскага прэзідэнта — гэта праява неталерантнасці ў адносінах да іспанскага народу. Так дзейнічаюць папулісты, якія фальсіфікуюць гісторыю і шукаюць канфрантацыю», — кажа адзін з апазіцыянераў. Правадыр ультраправай партыі Vox увогуле на знак пратэсту зрабіў фотасесію ў шлеме канкістадора.

Цікавы аргумент у абарону іспанскай каланізацыі агучыў лідар мадрыдскіх кансерватараў. Ён прызнаў жорсткасць канкістадораў, але пры гэтым заклікаў параўнаць наступствы каланізацыі іспанцаў і іншых еўрапейскіх нацый. Іспанцы так ці інакш спрабавалі ўключыць індзейцаў у каланіяльныя інстытуты. А вось англічане і амерыканцы тубыльцаў татальна знішчалі.

Пакрыўдзілі навіны з Мексікі і тутэйшую інтэлектуальную эліту, паколькі сучасная Мексіка так ці інакш з’яўляецца шмат у чым прадуктам іспанскай цывілізацыі, якую прынёс каталіцызм. Вядомы іспанскі пісьменнік Артур Перэс-Рэвертэ заклікаў прэзідэнта Мексікі прынесці прабачэнні за тое, што «яны (мексіканцы) носяць іспанскія прозвішчы» і «наогул жывуць там».

Гісторыкі заклікаюць не забываць, што Картэс змог перамагчы ацтэкаў выключна за кошт саюзнікаў — індзейцаў, якіх тыя самыя ацтэкі прыгняталі. Без іх дапамогі такая грандыёзная справа, як заваяванне імперыі ацтэкаў, была ілюзіяй.

Некаторыя баяцца, што заява Абрадора — не што іншае, як пошук новай канцэпцыі мексіканскай дзяржаўнасці, фундаментам якой будзе комплекс гістарычнай ахвяры. «Самае дрэннае ў комплексе гістарычнай ахвяры — тое, што ён можа стаць асновай палітычнага праекту. Такі праект лёгка падвяргаецца дэмагагічнай інструменталізацыі для захавання ўлады. Гэта атрутная формула лідарства такіх асобаў, як Пуцін, Трамп і г.д. (...) Мінулае сёння з’яўляецца паталагічнай структурай прыгнятальнікаў і прыгнечаных, і каб думаць пра роўныя адносіны, мы павінны глядзець у будучыню», — піша «El Mundo».

Ёсць на Пірэнеях у Абрадора і свае прыхільнікі. Левыя радыкалы з руху «Podemos» лічаць, што мексіканскі лідар мае рацыю. Так ці інакш, нехта павінен несці хаця б маральную адказнасць за забойства 80 мільёнаў чалавек — прыкладны кошт іспанскай каланізацыі Новага Свету. Узгадалі левакі таксама ментарскі тон Мадрыда ў дачыненні да былых амерыканскіх калоній. Напрыклад, той жа Педра Санчас з’яўляецца адным з ініцыятараў цяперашняй кампаніі за адстаўку венесуэльскага кіраўніка Нікаласа Мадура. У выпадку перамогі на красавіцкіх парламенцкіх выбарах, «Podemos» абяцае мексіканцам поўнае пакаянне.

Хутчэй за ўсё, па выніках тых выбарах і складу сфармаванага ўраду і вызначыцца канчаткова лінія Іспаніі наконт патрабаванняў Мексікі. А тыя патрабаванні, хутчэй за ўсё, будуць гучаць усё мацней як мінімум да 2021-га. У гэтым годзе плануецца шырока адзначаць 500-ю гадавіну штурму канкістадорамі сталіцы ацтэкаў Тэначтытлана, на руінах якой пабудаваная цяперашняя мексіканская сталіца.