«Ісламская дзяржава» ўжыла хімічную зброю

ЗША валодаюць вартай даверу інфармацыяй пра выкарыстанне групоўкай «Ісламская дзяржава» гарчычнага газу ў Іраку.



7bab8dab_91b9_4994_8ed2_99e266d8bec3_w640_r1_s.jpg

Выбух бомбы з верагодным выкарыстаннем хлору ў горадзе Аль-Алам у правінцыі Салахудзін, Ірак. 10 cакавіка 2015 года

Пентагон мае звесткі, што групоўка «Ісламская дзяржава», па ўсім відаць, выкарыстоўвала супраць атрадаў курдаў у Іраку баявое атрутнае рэчыва іпрыт. Пра гэта ў чацвер увечары са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве абароны ЗША паведамілі вядучыя амерыканскія сродкі інфармацыі.

Па словах амерыканскага прадстаўніка, дзве найбольш верагодныя крыніцы гарчычнага газу — гэта старыя запасы, што засталіся ў Іраку з часоў Садама Хусейна, альбо хімічныя сродкі, завезеныя ў краіну з Сірыі, якая два гады таму прызналася ў наяўнасці ў сябе вялікай колькасці гэтага газу і абяцала цалкам яго знішчыць.

Іпрыт — параўнальна прымітыўны сродак паразы, і для таго, каб мець эфект, павінен прымяняцца масіравана, сказаў амерыканскі прадстаўнік. Паводле яго слоў, «гэта апошняе ў шэрагу сведчанняў, што групоўка „Ісламская дзяржава“ ня спыніцца ні перад чым дзеля дасягнення сваіх мэтаў».

Міністэрства абароны ФРГ распаўсюдзіла інфармацыю, атрыманую ад нямецкіх ваенных інструктараў, якія навучаюць курдскія фармаванні ў ваколіцах гораду Арбіл, што каля шасьцідзесяці курдскіх байцоў адчувалі цяжкасці з дыханнем у выніку хімічнай атакі.

Паводле ацэнкі аналітыкаў, ужыванне ісламістамі баявых атрутных рэчываў — важная падзея, але не сенсацыя, паколькі экспертная супольнасць ужо даўно меркавала, што хімічная зброя можа апынуцца ў руках «Ісламскай дзяржавы».

Амерыканская выведка раней паведамляла, што ісламісты ў Іраку з вялікай верагоднасцю выкарыстоўвалі ў баявых мэтах хлор. Гэты газ не забаронены міжнароднымі канвенцыямі, але яго баявое прымяненне строга забараняецца.

www.svaboda.org