Італія. На Сардзініі свая валюта

Італьянскі востраў Сардзінія зрабіў сур’ёзны крок у напрамку стварэння сваёй мясцовай грашовай сістэмы. Упершыню мясцовымі альтэрнатыўнымі еўра грашыма, якія называюцца «сардэкс», пачалі выдаваць заробкі.



index3.jpg

Праўда, пабачыць купюры нельга. Гэта віртуальныя грошы, ідэю якіх прыдумалі некалькі беспрацоўных эканамістаў у 2009 годзе. Формула сардзінскай фінансавай сістэмы вельмі простая. Разлікі ў «сардэксах» пабудаваныя на кампенсацыйнай, клірынгавай сістэме, калі фірмы прадаюць тавары і паслугі іншым спажыўцам па безнаяўным разліку, зарабляючы крэдыты, якія трацяць на набыццё іншых, неабходных ім тавараў і паслуг у фірмаў, якія таксама з’яўляюцца ўдзельнікамі «сардэкс». Зараз гэта каля тысячы прадпрыемстваў.

«Сардэкс» можна аплачваць практычна ўсё: ад аптовага і рознічнага гандлю да рэстаранаў, транспарту і сувязі. Толькі за першыя чатыры месяцы гэтага года плацяжы ў «сардэкс» перавысілі эквівалент у 4 мільёны еўра. І вось новы этап — кампаніі пачалі выплачваць зарплату сваім супрацоўнікам у «сардэкс». На цяперашні дзень заробак у «сардэксах» па ўсёй Сардзініі атрымліваюць каля 200 чалавек.

Паводле італьянскай прэсы