Яхты, бізнес-джэты, верталёты. Самыя экзатычныя спосабы пакінуць Расію
Пасля абвяшчэння «частковай» мабілізацыі з Расіі з'ехалі сотні тысяч чалавек — многія чакалі, што ўлады закрыюць межы. Рэзка падаражэлі квіткі на цягнікі і самалёты, на сухапутных межах узніклі шматкіламетровыя заторы.

У выніку многія расійцы вымушаныя былі пакідаць краіну досыць экзатычнымі спосабамі, піша Марыя Кісялёва на ВВС.
Бізнес-джэт з Расіі
Аляксею з Масквы, які працуе ў IT-сферы, працадаўца прапанаваў паляцець у Арменію на зафрахтаваным кампаніяй чартары. «Гэта не новае для кампаніі, таму што, калі здарылася 24 лютага, яны хутка падмітусіліся і тады былі рэйсы таксама, у Ерэван», — распавядае ён.
Палёт быў прызначаны на 28 кастрычніка. Колькі ён каштаваў, Аляксей не ведае — для работнікаў пералёт быў бы бясплатным. Але Аляксей вырашыў не чакаць гэтай даты — з-за паведамленняў аб тым, што мяжа Расіі можа быць закрыта, ён з'ехаў у Беларусь праз некалькі дзён пасля аб'яўлення мабілізацыі.
Чартар адмянілі пасля таго, як у бізнес-цэнтр, дзе знаходзіцца офіс кампаніі, прыходзілі «ваенкамы з паліцыяй», сцвярджае Аляксей. Цяпер працадаўца прапануе яго калегам індывідуальную дапамогу ў рэлакацыі.
Гэта толькі адзін з прыкладаў таго, як расійцы спрабавалі выкарыстоўваць прыватную авіяцыю, каб пакінуць краіну. Попыт вырас не толькі на арэнду джэтаў кампаніямі, але і на іншыя паслугі: на арэнду самалёта цалкам для аднаго чалавека ці групы, а таксама на так званы jet sharing, або куплю крэсла на прыватным самалёце.
У першыя дні пасля мабілізацыі попыт перавышаў прапанову: бізнес-джэтаў, якія могуць выконваць камерцыйныя пералёты з Расіі, цяпер няшмат, а пасля павышэння попыту арандаваць самалёт і вылецець у дзень звароту стала практычна немагчыма. Больш за ўсё чартараў на бізнес-джэтах вылецела з Масквы з 23 па 28 верасня.

Знайсці самалёт у чаце
У першыя тыдні пералёты праз мяжу прапаноўвалі не толькі афіцыйныя кампаніі, але і невядомыя людзі, якія рэкламавалі свае паслугі ў чатах тым, хто стаіць у чэргах на межах. Напрыклад, у чаце тых, хто ехаў праз КПП «Верхні Ларс» на мяжы з Грузіяй, прапаноўвалі пераляцець яе на невялікім самалёце або верталёце.
Карэспандэнтка ВВС напісала па некалькіх аб'явах. Па адной прапаноўвалі месца ў фермерскім самалёце, зрабіць пералёт з Сочы ў Грузію за 20 тысяч рублёў. Суразмоўца запэўніваў, што пасажыры не будуць мець справы з расійскімі памежнікамі, а сам самалёт будзе пралятаць над нейтральнымі водамі.
У два разы даражэй — за 40 тысяч рублёў — прапаноўвалі квіткі на верталёт. За гэтыя грошы можна было даляцець у Грузію з Мінеральных Водаў. Аўтар аб'явы тлумачыў, што фармальнасці будуць тыя ж, што пры звычайным перасячэнні мяжы, а значыць, чалавека могуць не выпусціць з Расіі. Таму за месца ў верталёце прасілі не поўны кошт, а 50% перадаплаты.
Перавозчык запэўніваў, што гэты пералёт будзе абсалютна законным. Але аплаціць яго прасіў па магчымасці ў крыптавалюце, хоць расійскае заканадаўства забараняе выкарыстоўваць яе для аплаты пакупак.
Калі пакупнік гатовы заплаціць у два разы больш — 80 тысяч рублёў, — то перавозчык гатовы быў пайсці на «нелегальны» варыянт перавозу, падрабязнасцей якога не раскрыў.
Яшчэ адзін варыянт пералёту — на верталёце з Беслана ў Тбілісі. Месца каштавала 20 тысяч, патрабавалася перадаплата.

Варта адзначыць, што прамых авіязносін паміж Расіяй і Грузіяй няма — яны былі спынены яшчэ ў 2019 годзе. Легальна пералёты з Расіі можна выконваць толькі з перасадкамі ў краінах, якія мяжуюць з Грузіяй, напрыклад, у Арменіі.
З Расіі на яхце
27 верасня група з васьмі расійскіх яхтсменаў «закрыла мяжу» ва Уладзівастоку, узяла курс на Паўднёвую Карэю і адправілася ў круіз у адзін бок. Гэта падарожжа займае каля пяці дзён, бо лодцы трэба рабіць вялікі круг вакол Паўночнай Карэі.
Першапачаткова гэта не было спробай з'ехаць з Расіі праз мабілізацыю: каманда на чале з капітанам Ігарам Кавалеўскім пераганяла лодку для таго, каб выкарыстоўваць яе ў Карэі ці ў Тайландзе ў халодны для Расіі сезон. Гэтыя планы пачалі абмяркоўваць летам, але канчаткова каманда вырашыла перагнаць лодку толькі 20 верасня.
Перагон лодкі аказаўся для ўдзельнікаў каманды ўдалым спосабам з'ехаць з Расіі, калі многія іншыя шляхі сталі недаступныя.

Іх прыклад мае паслядоўнікаў. Паўднёвакарэйская прэса паведамляе, што больш за 20 расійцаў прыплылі да берагоў Паўднёвай Карэі на трох прыватных яхтах, ратуючыся ад мабілізацыі. Амаль усе, хто знаходзіўся на борце — мужчыны ва ўзросце 20-30 гадоў.
Дазвол на ўезд у краіну быў выдадзены толькі дваім. У дачыненні да астатніх міграцыйныя ўлады заявілі, што знаходзяць мэты іх візіту ў Паўднёвую Карэю «туманнымі».
Пры гэтым расійцам не патрэбна віза для ўезду ў гэтую краіну. Дастаткова атрымаць электронную аўтарызацыю на перасячэнне мяжы — К-ETA. Мяркуючы па вопыце, якім дзеляцца вандроўнікі ў тэматычных чатах, цяпер афармленне дакумента можа займаць некалькі тыдняў. Пакуль незразумела, ці была на руках у пасажыраў яхтаў такая аўтарызацыя і на якой менавіта падставе паўднёвакарэйскія ўлады адмаўляюць ім ва ўездзе.
Паўтарыць маршрут гэтай групы тэарэтычна можна на пароме з Уладзівастока ў карэйскі горад Танхэ.
ВВС знайшла яшчэ некалькі прапаноў пакінуць Расію на яхце, якія з'явіліся ўжо пасля мабілізацыі. Напрыклад, можна было далучыцца да трансферу на яхце з Сочы ў Стамбул. Іншы варыянт — пераход на яхце з Анапы і Наварасійска ў турэцкі Сіноп. За пераход з Ялты ў Сіноп на парусным катамаране прапануюць заплаціць 90 тысяч рублёў з чалавека. Аўтар адной з аб'яў у адказ на запыт напісаў, што прапанова ўжо недаступна, а падарожжы адновяцца «пасля стабілізацыі абстаноўкі».
Цуд сваімі рукамі
Аднак некаторыя не разлічваюць ні на каго, апроч сябе. 38-гадовы расіец пераплыў раку Нарову на дошцы для веславання (так званы «сапборд»). Па гэтай рацэ праходзіць расійска-эстонская мяжа.

Памежахова Эстоніі, атрымаўшы сігнал аб гэтым, адправіла дадатковыя патрулі, ачапіла тэрыторыю і а палове на пятую затрымала парушальніка мяжы на аўтобусным прыпынку ў прыбярэжным пасёлку Нарва-Йыэсуу. Расіяніну выпісалі штраф і адправілі назад у Расію.
«Гэта быў незаконны пераход мяжы, які быў здзейснены з-за страху перад абвешчанай у суседняй краіне мабілізацыяй», — сказаў пра гэты інцыдэнт кіраўнік рэгіянальнай службы памежнага і міграцыйнага нагляду Ээрык Пургел.
На Алясцы (ЗША) затрымалі двух мужчын з Расіі, якія праплылі больш за 400 кіламетраў на невялікай лодцы з пасёлка Эгвекінот на Чукотцы да вострава Святога Лаўрэнція. У размове з мясцовымі жыхарамі мужчыны патлумачылі, што «бягуць ад расійскай арміі». У сітуацыі разбіраецца Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША.
«Гэтыя два чалавекі, якія прыбылі з Расіі на лодцы і былі затрыманы ў Гамбелі, наколькі я разумею, зараз знаходзяцца ў сталіцы штата Анкарыджы, імі займаюцца федэральныя ўлады. Мы не чакаем пастаяннага патоку людзей з [Расіі] або флатыліі лодак.... Гэта можа быць адзінкавым выпадкам», — заявіў губернатар Аляскі Майк Данліві.