Пачалося? Расіец сплыў ад мабілізацыі ў Эстонію. Яго злавілі і вярнулі на радзіму

Эстонская памежная ахова ў ноч на панядзелак злавіла расійца, які перабраўся праз памежную раку Нарову. Памежнікі сцвярджаюць, што ён бег ад мабілізацыі. Яму выпісалі штраф і вярнулі на радзіму.

Так выглядае сапборд. Ілюстрацыйнае фота

Так выглядае сапборд. Ілюстрацыйнае фота


Як паведамляе ВВС са спасылкай на на эстонскую памежную ахову, 38-гадовы расіец, чыё імя не называецца, уначы пераплыў раку на дошцы для веславання (так званы «сапборд»).

Памежахова, атрымаўшы сігнал аб гэтым, адправіла дадатковыя патрулі, ачапіла тэрыторыю і а палове на пятую затрымала парушальніка мяжы на аўтобусным прыпынку ў прыбярэжным пасёлку Нарва-Йыэсуу.

Расіяніну выпісалі штраф і днём адправілі назад у Расію.

«У дадзеным выпадку гэта быў незаконны пераход мяжы, які быў здзейснены з-за страху перад абвешчанай у суседняй краіне мабілізацыяй», — сказаў пра гэты інцыдэнт кіраўнік рэгіянальнай службы памежнага і міграцыйнага нагляду Ээрык Пургел.

Тое, што падобныя выпадкі будуць, «Новы час» прагназаваў.