Здаюць назад? Расійскія чыноўнікі і прапагандысты крытыкуюць «перагібы частковай мабілізацыі»

Абвешчаная ў спешцы мабілізацыя выявіла такую колькасць прабелаў і пытанняў і праходзіць такім чынам, што стала аб’ектам паўсюднай крытыкі, хоць раней любая кампанія, абвешчаная Пуціным, станавілася сакральнай, піша тэлеграм-канал «Можам патлумачыць».

tn_207816_72f151ffe9442.jpg


Сярод губернатараў, прапагандыстаў, чыноўнікаў — разброд і хістанне, яны ўпершыню публічна і жорстка лаюць ваеннае ведамства.

Галоўрэд прапагандысцкага RT Маргарыта Сіманьян напісала, што шкоднікі і «пятая калона» схаваліся ў ваенкаматах і наўмысна зрываюць мабілізацыю. «Будзем разбірацца з кожным выпадкам. Будзем правяраць і дамагацца пакарання шкоднікаў. [...] Назваць канкрэтныя нумары ваенкаматаў і прозвішчы ваенкамаў, ці не трэба пакуль? Злуюць людзей, вось як спецыяльна, як на злосць. Як быццам Кіевам засланыя», —злуецца і сама Сіманьян у сваім telegram-канале і просіць дасылаць ёй выпадкі «перагібаў».

На думку прапагандысткі, «людзей вымарожваюць не частковая мабілізацыя сама па сабе, а хамства і беззаконне. Так было і так будзе заўсёды. Не злуйце людзей», — прыстрашыла нядбайных ваенкамаў галоўная рэдактарка RT.

Тэлепрапагандыст і муніцыпальны дэпутат Андрэй Мядзведзеў паўтарае за Сіманьян: «А можна правесці мерапрыемствы нармальна, без гонкі за справаздачамі і іншых ідыятызмаў?»

Абараніць мужчын ад нядбайных ваенных камісараў вырашыў і Уладзімір Салаўёў: ён адкрыў telegram-бот, у якім дапамагаюць тым, каго заклікалі «памылкова». Чат-бот для падобных выпадкаў з'явіўся і ў прапагандысцкага СМІ «Readovka», і ў шэрагу рэгіёнаў з падачы губернатараў.

«Мяркуючы па водгуках [у ваенкаматах] ёсць і сапраўдныя ворагі маёй Радзімы. Я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб пра тых, хто сваім стаўленнем да службы дапамагае суперніку, даведаліся адпаведныя органы. У кожнага зламанага аўтамата будзе прозвішча, імя і імя па бацьку. І ў кожным выпадку канфіскацыі ўласнай снарагі і патрэбнага ў зоне БД шмурдзюка таксама», — абяцае Z-ваенкар Яўген Паддубны.


Разброд і хістанне і сярод чыноўнікаў: кіраўнік Мінлічбы Максут Шадаеў пайшоў супраць супрацоўніка Адміністрацыі прэзідэнта, кіраўніка СПЧ Валерыя Фадзеева, які прапаноўваў прадастаўляць адтэрміноўку толькі тым ІТ-спецыялістам, якія працуюць у сферы ваеннага прызначэння. Шадаеў настойвае, што айцішнікі неабходныя і ў грамадзянскіх сферах.

Губернатары Уладзімірскай, Белгарадскай, Магаданскай абласцей і Севастопаля як па разнарадцы выступілі з крытыкай ваенкаматаў за «перагібы на месцах» і незаконны прызыў усіх запар, а менавіта — мужчын старэйшых за 50, людзей з відавочнымі і хранічнымі праблемамі са здароўем і шматдзетных бацькоў. Губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў пахваліўся, што пры яго ўдзеле ўдалося выратаваць ад мабілізацыі 75 чалавек.

У самім Мінабароны, па звестках Mash, таксама жорстка раскрытыкавалі ваенкаматы за халатны падыход да фарміравання рэзерву, а намеснік міністра абароны, генерал арміі Дзмітрый Булгакаў, які адказваў за забеспячэнне тылу, ужо паплаціўся сваёй пасадай.

Мабілізацыя адбываецца ў жахлівым хаосе, тлумачыць палітолаг Фёдар Крашэнінінкаў. «Пра перагібы кажуць не толькі губернатары, але і Валодзін, і патрыятычныя каналы. Негатыўная рэакцыя на прызыў хворых, пажылых, выпадковых людзей, накіраваная на федэральныя ўлады і самога Пуціна. Таму дадзена каманда ўсяляк выпраўляць памылковыя рашэнні і мінімізаваць палітычную шкоду», — кажа эксперт.

«Гэтыя заявы — рэакцыя на адчуванне страты кіравальнасці працэсу і адначасова спроба перанесці адказнасць за перагібы на каго-небудзь яшчэ», — пракаментаваў дэмаршы чыноўнікаў і прапагандыстаў кіраўнік фонду «Пецярбургская палітыка» Міхаіл Вінаградаў.