Як расіяне ў Горадні шукалі розніцы і падабенства з Расіяй
Папулярны ў Расіі відэаблогер Андрэй Ніфёдаў выправіўся са сваймі таварышамі на захад Беларусі, каб параўнаць нашую краіну з Расіяй. Відэа са свайго падарожжа блогер выклаў у сеціве.
Яшчэ не даехаўшы да Горадні, расіяне пачалі наракаць, што ім тут «смярдзіць птушкафабрыка, завод медпрэпаратаў і цукровы завод». «Смурод рэальна пякельны»,
— заўважыў Андрэй Ніфёдаў.
«Залятаем у Горадню. Я чакаў пабачыць маленькі гарадок тыпу Траецкага (прадмесця — рэд.) на Нямізе, але тут даволі вялікі горад адгрохалі», —
падзяліўся адзін з расійскіх падарожнікаў.
У сталоўцы, якую Ніфёдаў назваў «саўдэпаўскаю», яму прапанавалі двайную порцыю яйка ў халадніку, бо той не хацеў смятаны. «У Расіі я б такога не пачуў, гэта ўнікальны
народ», — падкрэсліў блогер, адзначыўшы, што беларусы таксама спакойна рэагуюць, калі іх здымаюць на камеру. Дзівіліся расіяне таксама малым беларускім коштам у параўнанні з
расійскімі.
Наведалі турысты з-за ўсходняй мяжы і Аўгустоўскі канал. «Вельмі прыгожыя, маляўнічыя месцы. Літаральна супакойваюць... На шашлык прыязджаць — лепей не
прыдумаеш», — скаментавалі госці з Расіі.
«Як тут клёва, — каментавалі падарожнікі на вуліцы Савецкай у Горадні. — Але яна хутчэй не савецкая, а еўрапейская». Тут яны пакаштавалі некаторыя беларускія
стравы: жур і мачанку. Беларуская ежа ім спадабалася, праўда, каларытныя назвы выклікалі ў іх неўразуменне. «Мне не падабаецца назва «мачанка» — мачавіну нейкую
нагадвае», — каментаваў Андрэй Ніфёдаў. Часам аднак расіяне спрабавалі прамаўляць, на іх думку, па-беларуску, але іх вымаўленне больш нагадвала ўкраінскае. Ніфёдаў пахваліўся
веданнем дзвюх беларускіх словаў: бусел і бульба.
«Люблю Беларусь», — напісаў расійскі блогер пад відэа. «Хачу жыць у Беларусі», — каментавалі інтэрнаўты з Расіі. «Стаўце лайкі за
тое, што Ніфёдыч пабываў у культурнай сталіцы Беларусі — Горадні», — выказаўся адзін з жыхароў гарадзенскага мікрараёну Дзевятоўка.