Японія. Замест адпачынку — кансервы

Як кампенсаваць аматарам турызму адсутнасць магчымасці здзяйсняць падарожжы падчас эпідэміі? Адказ прыдумалі ў мэрыі японскага горада Хакуту.

Японія. Гара Фудзі. Фота w-dog.ru

Японія. Гара Фудзі. Фота w-dog.ru


Мэрыя Хакуту даслала мясцовым аматарам горнага турызму бляшанкі, у якіх, калі верыць этыкетцы, знаходзіцца горнае паветра.

Прычым усё вельмі сур’ёзна. Каб здабыць тое паветра, мэр горада накіраваў сваіх супрацоўнікаў да горнага хрыбта ў цэнтральнай Японіі. На месцы чальцы экспедыцыі запоўнілі паветрам кансервавыя бляшанкі, якія пазней сталі падарункамі. «Калі іх (бляшанкі) адкрыць, то можна атрымаць хоць нейкую асалоду ад паху прыроды», — заявілі чыноўнікі мясцовым журналістам.

Пра рэакцыю саміх аматараў турызму на кансервы з паветрам медыя не паведамляюць. А вось мэрыя вырашыла на гэтым не спыняцца — і цяпер рыхтуе новую партыю бляшанак з паветрам. Яны будуць напоўненыя паветрам з гарадскіх паркаў і з мясцовых каньёнаў.

Паводле нямецкай прэсы