Калі перамогу лепш не адзначаць

Брытанцы перасварыліся з-за таго, як святкаваць 100 гадоў Першай сусветнай вайны. 28 чэрвеня 2014 года стане сімвалічным сігналам для пачатку падрыхтоўкі да адной з галоўных падзей наступнага года.



britons.jpg

Патрыятычны брытанскі плакат часоў Першай сусветнай

Менавіта ў гэты дзень споўніцца сто гадоў замаху сербскага нацыяналіста Гаўрылы Прынцыпа на аўстра-венгерскага эрцгерцага Фердынанда.

Стрэл у Сараеве, як вядома, запусціў працэс, развязкай якога ў пачатку жніўня 1914 года стала Першая сусветная вайна. Прайсці міма даты, якая змяніла лёсы чалавецтва, наўрад ці магчыма. Асабліва ў тых краінах, якія выйшлі з той вайны пераможцамі.

 

Збіраюцца святкаваць гадавіну і ў Вялікабрытаніі. Яшчэ ў кастрычніку 2012-га прэм’ер Дэвід Кэмеран падчас візіту ў Музей імперыялістычнай вайны ў Лондане пазнаёміў аўдыторыю з галоўнымі контурамі будучага юбілею. Праграма святкавання вельмі маштабная. Яна ўключае рознага кшталту выставы, рэканструкцыі старых помнікаў, выдачу грантаў гісторыкам для вывучэння ўплыву вайны на лакальным узроўні і г.д.

 

4 жніўня 2014-га, у сотую гадавіну рашэння ўраду Яго Вялікасці падтрымаць Расію і Францыю ў вайне супраць Германіі, над Лонданам уздымуць вайсковыя дырыжаблі, у Тэмзу ўвядуць караблі, і нават падводныя лодкі пачатку мінулага стагоддзя. Увогуле, адным днём свята не абмяжуецца. Ёсць ідэя арганізаваць рэканструкцыю славутых футбольных матчаў паміж брытанскімі і нямецкімі салдатамі, якія мелі месца падчас Калядаў у 1914 годзе. У 2016-м асобна ўзгадаюць бітву на Соме.

 

Зразумела, што перш за ўсё святкаванні — знак павагі да брытанцаў, якія пайшлі на фронт у 1914 годзе. Прэзентуючы праграму святкаванняў, Кэмеран адзначыў: «У агульнай колькасці больш за 50 мільёнаў фунтаў будуць выдзеленыя на святкаванне стагоддзя Вялікай вайны (так у Еўропе часта называюць Першую сусветную), і гэта абсалютна правільна. Такое мерапрыемства павінна быць для нас прыярытэтным. Для гэтага дастаткова ўзгадаць запіс аднаго з салдатаў, які за тыдзень да сваёй смерці напісаў ліст дамоў. У ім ёсць такія словы: «У выніку гэтай вайны я і шмат хто яшчэ адыдуць у нябыт, аднак вынікі нашых намаганняў будуць жыць вечна».

 

Аднак памяць пра тую вайну адыгрывае важную функцыю і цяпер. Падчас усё таго ж выступу ў Імперскім музеі прэм’ер дадаў: «Святкаванне павінна ўзняць нацыянальны дух у кожным кутку краіны, дапамагчы зразумець нам самім — якая нацыя мы ёсць».

 

З самага пачатку ідэя маштабна адзначыць 4 жніўня не спадабалася левай апазіцыі, якая пабачыла тут намер паўтарыць Алімпіяду 2012 года. Справа не толькі ў тым, што на святкаванне юбілею плануюць выдзеліць з бюджэту салідную суму, якую ў часы крызісу можна было б накіраваць у сферы, што неадкладна патрабуюць фінансавай падтрымкі. Крытыкі ўраду звязваюць захапленне гісторыяй з прызначаным на наступны год рэферэндумам наконт незалежнасці Шатландыі. Патрыятычны ўгар, які, безумоўна, ахопіць усю краіну, павінен дапамагчы кансерватарам пераканаць шатландцаў прагаласаваць супраць суверэнітэту.

 

Шмат хто лічыць, што Кэмеран за кошт Першай сусветнай вайны хоча ўзняць свой рэйтынг сярод часткі брытанцаў-еўраскептыкаў, якія, як правіла, перакладаюць усю адказнасць на цяперашнія эканамічныя праблемы на Германію. Ім яўна спадабаецца тэма ўшанавання гадавіны вайны з ненавіснымі тэўтонамі. Мімікрыя пад еўраскептыка вельмі актуальная для Кэмерана з улікам таго, якімі хуткімі тэмпамі набірае за кошт электарату торы пункты «Партыя незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства».

 

Аднак значна больш хвалюе частку брытанскага грамадства пытанне: ці ёсць увогуле сэнс нешта святкаваць у жніўні 2014 года? Левыя выданні ахвотна нагадваюць, які вялізарны кошт заплаціла Вялікабрытанія за тое, што палезла на Балканы дапамагаць Расійскай імперыі ратаваць сербаў: 743 тысячы забітымі (толькі ў першы дзень бітвы на Соме ў 1916 годзе загінула 20 тысяч англічан).

 

«Guardian» адзначае: «Дэвід Кэмеран намагаецца не дыскутаваць пра маральны бок Вялікай вайны, якая выявіла поўны правал нашай палітычнай і вайсковай эліты. Нават прэм’ер Ллойд Джордж, які кіраваў падчас той вайны, у сваіх мемуарах прызнаваў, што вайна была для яго падобнай да геаграфічнай экспедыцыі ў невядомую зямлю без компаса і без мапы».

 

Апазіцыя ахвотна разглядае іракскую і афганскія кампаніі ў кантэксце працягу логікі Першай сусветнай вайны, калі палітыкі кідалі людзей на смерць, абсалютна не думаючы пра іх лёсы і пра тое, што будзе заўтра. Не дарма сярод незадаволеных святкаваннем Першай сусветнай вайны шмат ветэранаў іракскай і афганскай кампаній.

 

Адзін з іх піша: «Рэальны ўрок вайны — у тым, што імперыя, ва ўсіх яе формах, заўсёды вядзе да кровапраліцця, што мілітарызм і нацыянал-шавінізм — гэта шлях да катастрофы».

 

Найбольш радыкальная фракцыі апазіцыі ўвогуле выступіла з ідэяй адмовіцца ад святкавання: «Ёсць перамогі, якія лепш не святкаваць, і да такіх належыць перамога Англіі ў Першай сусветнай вайне». «Брытанскі і французскі кабінеты ўмудрыліся ўцягнуць увесь свет у вайну, наступствы якой мы перажываем дасюль. Дастаткова ўзгадаць Палесціну. Ніякага святкавання быць не павінна!». Апазіцыя прапануе ператварыць 4 жніўня 2014 года ў дзень жалобы або ганьбы тых, хто ўцягнуў краіну ў крывавую мясарубку.

 

Больш памяркоўны падыход — узгадваць вайну, а не святкаваць перамогу — прапануюць некаторыя сябры аргкамітэта святкавання юбілею, куды ўвайшлі вядомыя гісторыкі. Аднак Дэвід Кэмеран працягвае гнуць сваю лінію. Не так даўно ён адзначыў: «Мы глядзім на старых фотаздымках на твары простых людзей ва ўніформе. Вялікая вайна вельмі глыбока закранула ўсіх нас — сумесь жаху і гонару, а таксама пачуццё надзеі пасля гэтай вайны назаўсёды стала часткай нашай культуры».

 

Кансерватыўная прэса падкрэслівае, што выйсце з цяперашняга эканамічнага крызісу наўрад ці магчыма без пачуцця нацыянальнага адзінства. Менавіта так было ў 1914-м і 1939-м, калі правы ўрад падтрымалі левыя. Тыя левыя, хто выступае з антыпатрыятычных пазіцый, па-сутнасці правакуюць яшчэ большае адчужэнне брытанцаў ад улады, ад любога ўраду — левага або правага.

 

Чым закончыцца дуэль двух гістарычных накірункаў, пакуль сказаць цяжка. Што мы пабачым у жніўні наступнага года ў Лондане: дырыжаблі і вайсковы парад або жалобную маніфестацыю памяці ахвяр Першай сусветнай вайны? Хутчэй за ўсё, і тое і другое. Праўда, магчымы і трэці варыянт. Мясцовыя гумарысты ўжо прыдумалі, як памірыць Дэвіда Кэмерана і левую апазіцыю. Яны прапануюць проста перадаць усе паўнамоцтвы на падрыхтоўку мерапрыемстваў 4 жніўня 2014 года аматарам альтэрнатыўнай гісторыі.

 

Увогуле, дэбаты ў Вялікабрытаніі — добрая нагода для таго, каб задумацца, як Беларусь збіраецца святкаваць юбілей вайны, якая таксама кардынальна змяніла яе лёс. Не хацелася б, каб у апошні момант наша ўлада папросту агучыла тэзісы сучасных расійскай гісторыкаў.