Кангрэсмен Крыс Сміт расказаў, што будзе ў «Акце аб дэмакратыі ў Беларусі»

Кангрэсмен-рэспубліканец Крыс Сміт апублікаваў вытрымкі з прамовы, з якой ён выступіць 18 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў ЗША. Выступ прысвечаны разгляду «Акта аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэту Беларусі за 2020 год».

bdabbdd314f5fda59b700b5e51cddb9d.jpg


Сміт настойвае на як мага больш хуткім прыняцці гэтага Акта, які падтрымліваюць абедзве буйныя партыі ЗША — Рэспубліканская і Дэмакратычная. Вытрымкі з выступу прыводзіць Еўрарадыё.

«Беларусь больш, чым іншыя дзяржавы, захрасла ў савецкім мінулым з неэфектыўнай эканомікай і пад кіраваннем жорсткага аўтакрата на працягу больш як чвэрць стагоддзя. Але тым не менш непакорлівы дух свабоды жыве ў народзе Беларусі. І яны выйшлі на вуліцы, калі заведама фальшывыя вынікі выбараў 9 жніўня абвясцілі Аляксандра Лукашэнку пераможцам.

Маскоўскі механізм АБСЕ далажыў 5 лістапада, што існуюць бясспрэчныя доказы таго, што вынікі выбараў прэзідэнта Беларусі 9 жніўня былі сфальсіфікаваныя, і што сілавыя структуры краіны здзейснілі сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў адказ на мірныя дэманстрацыі, выкліканыя выбарамі», — заяўляе кангрэсмен.

Ён адзначае, што цяпер у Беларусі міліцыянты выкарыстоўваюць усё больш жорсткія метады супраць мірных дэманстрантаў.

Кангрэсмен кажа, што дапамога патрэбная беларускаму народу і лідарам дэмакратычнага руху. «Дэмакратычны апазіцыйны рух аб'яднаны, разумны, прынцыповы, упарты і неверагодна адважны. Спадарыня Ціханоўская правяла бясстрашную выбарчую кампанію, але сёння знаходзіцца ў выгнанні ў Літве. Яна працягвае збіраць народ Беларусі і свету, каб патрабаваць дэмакратыі і правоў чалавека для ўсіх людзей яе краіны», — заяўляе ён.

Сміт узначальваў слуханні ў Кангрэсе па выніках беларускіх выбараў 2010 года. Ён нагадвае, што рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў выкарыстоўваліся і тады.

«У мінулым мы зрабілі вялікую памылку: міжнародная супольнасць альбо стомленая, альбо не паказала адданасць і настойлівасць. Такое не павінна паўтарыцца гэтым разам», — упэўнены кангрэсмен.

Ён кажа, што двойчы асабіста сустракаўся з Лукашэнкам у Мінску. Абедзве гэтыя сустрэчы ўмацавалі ў ім жаданне весці барацьбу за дэмакратыю і свабоду.

Сёлетні «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі» ўзмацняе і пашырае Акты аб дэмакратыі Беларусі за 2004, 2006 і 2011 гады, якія таксама падрыхтаваў Сміт. «Гэты закон аднаўляе асабістыя эканамічныя і візавыя санкцыі супраць пашыранага кола асоб ва ўрадзе Беларусі і грамадзян Расіі, якія былі замяшаныя ў падаўленні пратэстаў», — адзначае ён.

У прыватнасці, гэты законапраект:

— заклікае правесці новыя выбары;

— прызнае Каардынацыйную раду легітымным інстытутам, які можа ўдзельнічаць у дыялогу аб мірнай перадачы ўлады;

— заклікае вызваліць палітычных вязняў;

— падтрымлівае імкненне беларускага народа да свабоды веравызнання;

— дазваляе падтрымку ў развіцці дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі;

— адназначна аб’яўляе палітычны курс ЗША на непрызнанне ўключэння Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расіяй;

— патрабуе ад ЗША стратэгіі па развіцці тэле- і радыёвяшчання, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;

— дае неабходную падтрымку беларускім СМІ і сектару інфармацыйных тэхналогій.