Казахстан. Толькі добрыя навіны!
Міністэрства інфармацыі і камунікацый Казахстана рыхтуе «спецпраект па абмежаванні негатыўнага кантэнту ў СМІ».
Да такога кантэнту аднясуць усе навіны аб гвалце, забойствах, суіцыдах. Такім чынам ведамства падтрымала заклік Кангрэса моладзі Казахстана (мясцовых аналаг БРСМ), які прапанаваў абмежаваць долю «чорнага» кантэнту ў навінах да 30 працэнтаў.
Сваю ідэю Кангрэс матывуе так: «Адкрыйце любы партал — там 80 працэнтаў пра тое, як кагосьці забілі, пасадзілі або збілі. А дзеці ўжо ў школьным узросце пачынаюць цікавіцца жыццём у краіне. Якімі яны вырастуць пад уплывам такой інфармацыі? Яны стануць агрэсіўнымі песімістамі!»
Ці будзе тычыцца новаўвядзенне крытыкі ўладаў або паведамленняў аб карупцыі, пакуль не зразумела. Між тым, у інтэрнэце ўжо жартуюць з нагоды квотаў на негатыў і прыгадваюць квоты дзяржаў на выкіды парніковых газаў. Краінам дазволена прадаваць лішкі нявыкарыстаных квотаў. Карыстальнікі задаюцца пытаннем: СМІ таксама атрымаюць права прадаваць нявыкарыстаную квоту на негатыў?
Так ці інакш, праект насычэння казахскіх СМІ (пакуль, праўда, толькі афіцыйных) пазітыўнымі навінамі пачнецца праз пару тыдняў.
Паводле казахскай прэсы