Казахстан. Загадка гіганцкай вавёркі
Дыскусіі ў сацсетках Казахстана справакаваў арт-аб’ект у выглядзе 13-метровай вавёркі, што быў усталяваны ў цэнтры Алматы 8 ліпеня. На выраб вавёркі спатрэбілася 3,5 тоны саломы. Плануецца, што саламяная вавёрка будзе існаваць 9 месяцаў.

Фото informburo.kz
Хвост жывёлы дасягае ў даўжыню 15 метраў. Агульная вага аб’екту — 10–12 тон. Аўтарам скульптуры з’яўляецца мастак з Вялікабрытаніі Алекс Рынслер. За 15 гадоў сваёй практыкі ён паспеў папрацаваць у Кітаі, ЗША, Аўстраліі, Фінляндыі, Аргенціне і Паўднёвай Афрыцы. Адна з вядомых яго работ — скульптура лісы ў Шанхаі.
Цяжка сказаць, як рэагавалі на лісу ў Шанхаі, а вось у Алматы задуму Рынслера відавочна не зразумелі. Незвычайная фігура выклікала ў многіх шок. «Жах, што за ганьба!», «Здаецца, піць трэба менш», «Вось куды сыходзяць нашы падаткі», «Гэта ж колькі трэба выпіць, каб прыйшла такая вавёрачка?», — заўважылі карыстальнікі Facebook. У каментарах арт-аб’ект таксама параўналі з траянскім канём і Кінг-Конгам.
Яшчэ адна нагода для крытыкі помніка — сума, выдаткаваная на праект. Ён каштаваў каля 67 тысяч долараў.
Аднак самая цікавая версія наступная: вавёрку ўсталявалі адмыслова, каб яна адцягвала ўвагу ад фігуры Назарбаева. У пачатку ліпеня краіна святкуе дзень нараджэння кіраўніка дзяржавы, што звычайна выклікае нараканні насельніцтва. Цяпер увесь негатыў перацягнула на сябе гіганцкая вавёрка.
Паводле казахскай прэсы