Краіны G7 заклікаюць улады Беларусі правесці новыя выбары

Пра гэта піша «Еўрарадыё».

download__2__16.jpg

Краіны G7 заклікаюць улады Беларусі правесці новыя выбары пад міжнародным назіраннем, а таксама вызваліць «несправядліва зняволеных» (і палітвязняў, і ўдзельнікаў пратэстаў, якія знаходзяцца пад следствам) «за выказванне сваіх дэмакратычных памкненняў». Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай па выніках саміта кіраўнікоў МЗС краін G7, які прайшоў у Лондане. У G7 уваходзяць Вялікабрытанія, Германія, Італія, Канада, Францыя, Японія і ЗША.
«Мы заклікаем рэжым правесці новыя, свабодныя і сумленныя выбары пад міжнародным наглядам, — гаворыцца ў дакуменце. — Мы адданыя падтрымцы дэмакратычных памкненняў беларускага народа і прыцягненню да адказнасці асоб, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека».
Краіны G7 заклікаюць афіцыйны Мінск спыніць «падаўленне правоў чалавека і фундаментальных свабод».
Беларусь ужо знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і ЗША з-за парушэння правоў чалавека, фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Нашай краіне пагражаюць новыя санкцыі. У гэтай сітуацыі Аляксандр Лукашэнка абяцае найперш еўрапейцам контрсанкцыі.