«Каля 1,3 млрд. долараў наяўнымі». «Грошы Януковіча» ўпершыню вярнуліся з ЗША ў дзяржказну Украіны
У дзяржаўны бюджэт Украіны былі вернутыя 1,5 мільярда долараў, якія «належалі» сям'і і асяродку збеглага прэзідэнта Украины Віктара Януковіча. З іх 87% былі ў наяўнай форме, паведаміў у эфіры ўкраінскага тэлеканала намеснік міністра замежных спраў Украіны Яўген Енін.
«Гэта не нейкія міфічныя каштоўныя паперы, гэта 1,3
мільярда долараў наяўнымі і каля 200 мільёнаў долараў каштоўнымі
паперамі», — распавёў Енін. Паводле яго слоў, вяртанне «грошай Януковіча»
забяспечыла скарачэнне цяперашняга дзяржаўнага доўгу Украіны на паўтара
мільярда долараў.
«Мы ўпершыню ў гісторыі двухбаковых стасункаў з ЗША вярнулі
600 тысяч долараў з амерыканскай зямлі», — распавёў Енін.
Намеснік кіраўніка МЗС Украіны падкрэсліў, што гаворка ідзе пра злачынную арганізацыю часоў кіравання Віктара Януковіча і яго бліжэйшага
атачэння.
«Яны збіралі грошы з усёй Украіны, з усіх галін
эканомікі, адмывалі іх спачатку ва Украіне, затым праз так званыя
прадпрыемствы-хабы выводзілі гэтыя грошы ў міжнародныя "адмывачныя" цэнтры», — паведаміў намеснік міністра.
Яўген Енін адзначыў, што праца па вяртанні былых актываў
Януковіча і яго атачэння працягваецца. Пра гэта паведаміла ўкраінскае агенцтва
УНІАН.
22 лютага 2014 году Януковіч быў адхілены ад улады Вярхоўнай
радай Украіны.
Супраць Януковіча былі распачатыя шматлікія крымінальныя
справы. 4 лютага 2015 Вярхоўная рада Украіны прыняла закон аб пазбаўленні
Віктара Януковіча звання прэзідэнта Украіны.
Паводле «Голасу Амерыкі».