Лагеры для уйгураў у Сіньцзяні: кітайскі блогер знайшоў доказы
Відэа кітайскага блогера пацвердзіла паведамленні пра рэпрэсіі з боку ўладаў КНР у дачыненні да уйгураў у Сіньцзяні. Пасля яго апублікавання многія асцерагаюцца за бяспеку самога блогера, піша dw.com.
Дваццаціхвіліннае відэа, на якім паказаны больш за дзясятак месцаў зняволення ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне (СУАР) Кітая, прадаставіла новыя доказы і аднавіла абмеркаванне тэмы шырокамаштабных рэпрэсій супраць этнічных меншасцей, якія праводзяцца кітайскімі ўладамі ў гэтым рэгіёне краіны.
Відэа пацвярджае тое, што эксперты кажуць пра сітуацыю ў Сіньцзяні
Відэа зняў кітаец на імя Гуаньгуань. Ён адправіўся ў Сіньцзян, прачытаўшы публікацыі ў амерыканскім выданні BuzzFeed News, у якіх распавядалася пра месцазнаходжанне некалькіх такіх лагераў. Яго ролік, выстаўлены на YouTube у кастрычніку, прыцягнуў увагу даследчыкаў, якія спецыялізуюцца на праблеме рэпрэсій у дачыненні да нацыянальных меншасцей у СУАР.
Архітэктар Элісан Кілінг, якая працавала з BuzzFeed News над стварэннем карты спадарожнікавых здымкаў лагераў у рэгіёне, адзначыла, што новая інфармацыя з відэа пацвярджае тое, што, на думку экспертаў, адбываецца ў Сіньцзяні.
«Калі вы працуеце са спадарожнікавымі здымкамі, заўсёды даводзіцца спадзявацца на іншыя крыніцы інфармацыі, каб пацвердзіць тое, што вы ўбачылі раней, — патлумачыла яна DW. — Гэта могуць быць і відэа, знятыя на зямлі».
Неадрэдагаваныя кадры дадаюць у бягучую дакументацыю пра рэпрэсіі звесткі пра тое , што адбываецца ў Сіньцзяні, і абвяргаюць дзяржаўную прапаганду пра «шчаслівых уйгураў», заявіла DWРайхан Асат, уйгурская спецыялістка па правах чалавека і старшая навуковая супрацоўніца стратэгічнага судовага праекта Атлантычнага савета.
«Спадзяюся, што ўсё больш жыхароў Кітая, такіх, як гэты мужчына, пачнуць адстойваць правы сваіх суграмадзян», — адзначыла Асат.
Іншыя спосабы верыфікацыі, на якія абапіраюцца даследчыкі, — інтэрв'ю з былымі зняволенымі і рэпартажы журналістаў, якія пабывалі ў такіх лагерах.
Блогер зняў у Сіньцзяні 18 меркаваных турмаў
«Я наведаў Сіньцзян у 2019 годзе, здзейсніўшы тур на ровары, аднак на гэты раз мэта майго падарожжа зусім іншая, — кажа Гуаньгуань на відэа. — Я чытаў гісторыю ў BuzzFeed News. У ёй распавядаецца, як рэпарцёры лакалізавалі многія месцы зняволення ў Сіньцзяні, выкарыстоўваючы спадарожнікавыя здымкі».
Мужчына кіраваўся спадарожнікавай мапай Mapbox з BuzzFeed News і спадарожнікавымі выявамі з кітайскага сэрвіса Baidu Maps. Яны дазволілі яму зняць 18 меркаваных турмаў у васьмі гарадах СУАР. Хоць відэа было размешчана ў інтэрнэце месяц таму, мяркуючы па твітах, блогер ездзіў у Сіньцзян ў 2020 годзе: «З-за рашэнняў кітайскага ўрада замежным журналістам цяпер вельмі цяжка трапіць у Сіньцзян. Таму я вырашыў, што паехаць туды магу я».
Гуаньгуань стартаваў у горадзе Хамі, дзе ён праехаў міма цэнтра прымусовай рэабілітацыі ад нарказалежнасці. Гэтага будынка не было на мапах Baidu Maps. Рашоткі на вокнах і плот з калючага дроту навялі блогера на думку, што цэнтр можа быць адным з месцаў зняволення. Далей блогер паехаў у Моры-Казахскі аўтаномны павет у Сіньцзяні, дзе зняў цэнтр зняволення з назіральнымі вежамі, акружаны камерамі сачэння. Пазней ён дабраўся да цэнтра заключэння раёна Моры. Ні адзін з гэтых аб'ектаў не быў адзначаны на мапах Baidu.
Калі Гуаньгуань прыбыў ва Урумчы, сталіцу СУАР, ён праехаў міма некалькіх устаноў з вартавымі вышкамі і высокімі платамі з калючым дротам, якія з'яўляюцца тыповымі прыкметамі месцаў зняволення ў гэтай правінцыі. На сценах некаторых будынкаў можна было адрозніць лозунгі кшталту «Рэформы праз працу і культурныя пераўтварэнні».
Комплексы, у якіх утрымліваюцца «тысячы людзей»
У ліпені журналісты агенцтва Associated Press (AP) наведалі цэнтр зняволення № 3 Урумчы ў Дабаньчэні. Яны апісалі гэты комплекс як «найбуйнейшы ў краіне і, магчыма, ва ўсім свеце, з плошчай больш за 220 акраў». «Мяркуючы па спадарожнікавых здымках, а таксама па колькасці камер і лавак, заўважаных падчас наведвання, лагер можа змясціць каля 10 тысяч чалавек», — паведамляе AP.
На працягу некалькіх гадоў урад Кітая называў «вайной супраць тэрарызму» пазбаўленне волі каля мільёна прадстаўнікоў этнічных меншасцей у Сіньцзяні. Уйгуры змяшчаліся ў лагеры па ўсёй правінцыі, і жанчыны, якія выжылі пасля знаходжання ў іх, абвінавачвалі кітайскія ўлады ў сістэматычным гвалце, у тым ліку і сексуальным.
Гуаньгуань згадаў у відэа, што падчас яго першай паездкі ў Сіньцзян некаторыя мясцовыя этнічныя кітайцы (ханьцы) казалі яму, што вялікую колькасць уйгураў адправілі ў іншыя рэгіёны краіны ў якасці таннай рабочай сілы.
Паколькі Гуаньгуань у відэароліку паказаў свой твар, многія цяпер асцерагаюцца за яго бяспеку. У новым відэа, якое блогер апублікаваў 19 лістапада, ён выказвае надзею, што яго здымкі могуць паслужыць як доказы: «Я не магу наўпрост кінуць выклік кітайскаму ўраду, але гэта тое, што я магу зрабіць у рамках маіх магчымасцей».
Кітай абараняе палітыку, якая праводзіцца ў Сіньцзяні
Прадстаўнік урада СУАР Сюй Гуйсян 17 лістапада заявіў, што ў рэгіёне былі прынятыя «цвёрдыя, рашучыя і эфектыўныя» меры для барацьбы з тэрарызмам, і яны былі паспяховымі. Хоць пра палітыку, якая праводзіцца ў Сіньцзяні, выказваюцца розныя меркаванні, гісторыя такія меры апраўдае, цытуе чыноўніка кітайская ўрадавая газета Global Times.
Міністэрства замежных спраў КНР зрабіла заяву на наступны дзень. «Пытанне палітыкі, якая праводзіцца ў Сіньцзяні, тычыцца барацьбы з тэрарызмам, радыкалізацыяй і сепаратызмам, а не правоў чалавека або рэлігіі, — падкрэсліў прадстаўнік МЗС Чжао Ліцзянь. — Перад тварам сур'ёзнай контртэрарыстычнай сітуацыі Сіньцзян прыняў шэраг рашучых, надзейных і эфектыўных мер па дэрадыкалізацыі. У выніку ў рэгіёне ўжо пяць гадоў запар не было выпадкаў тэрарызму».
Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён Кітая мяжуе з Цэнтральнай Азіяй, на яго тэрыторыі пражываюць 10 млн уйгураў-мусульман цюркскага паходжання. Хоць іслам афіцыйна не забаронены Канстытуцыяй атэістычнага Кітая, у правінцыі захоўваецца напружанасць у адносінах паміж уладамі і мусульманскай меншасцю. Паводле ацэнак праваабаронцаў, у так званых «лагерах перавыхавання» цяпер знаходзяцца каля 1 мільёна уйгураў.
Пераклад «НЧ»