МАК заклікаў адхіліць Расію ад міжнародных спаборніцтваў
Міжнародны алімпійскі камітэт абвясціў пра пачатак расследавання ў дачыненні да расійскіх чыноўнікаў, згаданых у дакладзе камісіі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва, і заклікаў часова адхіліць Расію ад правядзення міжнародных спартыўных спаборніцтваў.
Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе МАК, што быў апублікаваны па выніках тэлефоннай канферэнцыі выканкама арганізацыі, паведамляе ВВС.
Прэзідэнт МАК Томас Бах паабяцаў максімальна жорсткія санкцыі ў дачыненні да Расіі, бо вынікі расследавання, апрылюдненыя ўчора, 18 ліпеня, у дакладзе незалежнай камісіі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) пад кіраўніцтвам Рычарда Макларэна, сведчаць пра "шакавальны і беспрэцэдэнтны замах на цэласнасць спорту і Алімпійскіх гульняў".
"З прычыны дэталёвых згадак пра маніпуляцыях з ўзорамі пробаў на зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы, МАК просіць міжнародныя федэрацыі зімовых відаў спорту прыпыніць падрыхтоўку буйных мерапрыемстваў у Расіі, у прыватнасці чэмпіянатаў свету і іншых буйных міжнародных спаборніцтваў", — адзначаецца прэс-рэлізе МАК.
МАК адзначае, што пытаннем пра ўдзел расійскіх спартсменаў у Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра зоймецца спецыяльная камісія, якая, у прыватнасці, вывучыць пытанне аб дапушчальнасці з юрыдычнага пункту гледжання выключэння расійскай зборнай з ліку ўдзельнікаў Алімпіяды.
МАК паабяцаў прыняць да ведама рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда ў Лазане па расійскім спартоўцах, якое чакаецца ў чацвер.
Міжнародны алімпійскі камітэт таксама мае намер арганізаваць паўторную праверку наяўных у яго распараджэнні допінг-пробаў, узятых у расійскіх спартсменаў падчас Алімпіяды ў Сочы.
Нагадаем, у апублікаваным у панядзелак дакладзе Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) гаворыцца, што ўлады Расіі заахвочвалі прымяненне допінгу на дзяржаўным узроўні. У дакуменце сцвярджаецца, што Міністэрства спорту Расіі “кіравала, кантралявала і праводзіла маніпуляцыі з вынікамі аналізаў спартсменаў і абменьвалі іх пры актыўным удзеле і пры дапамозе ФСБ і Цэнтра спартыўнай падрыхтоўкі (ЦСП) зборных каманд Расіі ў Маскве і Сочы". Як адзначаецца ў справаздачы WADA, Маскоўская антыдопінгавая лабараторыя пакрывала спартсменаў, якія ўжывалі забароненыя прэпараты. А "ФСБ вывозіла допінг-пробы з Масквы ў спецыяльныя халадзільнікі ў спецыяльнай лабараторыі, якая была створана перад Алімпіядай", — адзначыў кіраўнік незалежнай камісіі WADA. "ФСБ праводзіла сакрэтныя аперацыі", — заявіў Макларэн.