Бывай, Павел!

Можна пагадзіцца з кіраўніцай сайта «Хартыя’97» Наталляй Радзінай, якая лічыць, што заказчыкі гэтага забойства «могуць быць адкуль заўгодна, у тым ліку і з Мінску», нельга выключаць ніякія версіі.

1444892264_a977e98ea475efd8dadb32035cd573a61409986728.jpg


Зранку ў сераду ў Кіеве загінуў таленавіты беларускі журналіст Павел Шарамет. Машына, у якой ён знаходзіўся, выбухнула на рагу вуліцы Багдана Хмяльніцкага і Івана Франко.

Аўто належала кіраўніку інтэрнэт-выдання «Украінская праўда» Алёне Прытуле, але яе ў машыне не было. Выбух адбыўся ў 7.45 раніцы, калі Павел Шарамет выехаў з дому і праехаў некалькі дзясяткаў метраў.

Пасля выбуху Шарамет быў яшчэ жывы. Мінакі выцягнулі яго з аўто, «хуткая дапамога» прыехала на месца здарэння праз пяць хвілін. Тым не менш, атрыманыя раненні апынуліся несумяшчальнымі з жыццём — Павел памёр у машыне медыкаў. Пахаваны ён будзе ў Беларусі.

Калі можна кагосьці назваць легендай беларускай незалежнай журналістыкі, дык Шарамет будзе ў першай дзясятцы гэтых людзей. Як звычайна бывае, ад пачатку пра журналістыку ён нават не марыў. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыўшы тры курсы, пайшоў з гэтай ВНУ і паступіў на факультэт міжнародных эканамічных адносін Беларускага эканамічнага ўніверсітэта (дыпломная праца — «афшорны бізнес»).

Да 1992 года ён працаваў у аддзеле валютных аперацый аднаго з банкаў, пазней — кансультантам эканамічных праграм Беларускага тэлебачання. Але неўзабаве стаў вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект» беларускага тэлебачання.

Ён быў «новым тварам» новай Беларусі. Дзякуючы яму, у той час «Праспект» глядзела больш суайчыннікаў, чым традыцыйную праграму «Время» расійскага тэлебачання. Але потым змянілася ўлада, і Шарамет з тэлевізіі сышоў. Аднак журналістыка стала ягоным жыццём. У 1996 годзе ён узначаліў «Беларускую дзелавую газету», і ў тым жа годзе быў прызначаны загадчыкам беларускім бюро Грамадскага расійскага тэлебачання (ОРТ, цяпер — «Первый канал») і ўласным карэспандэнтам ОРТ па Беларусі.

У ліпені 1997 года, падчас здымкаў рэпартажу аб сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы, разам з Дзмітрыем Завадскім быў арыштаваны па абвінавачанні ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Насамрэч — за агучванне факту, што мяжа з Літвой наўпрост «дзіравая». Такі крок беларускай улады выклікаў дыпламатычны скандал на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. У расійскія рэгіёны не прапусцілі беларускі «борт №1» з Лукашэнкам. Кажуць, тагачасны кіраўніка Расіі Барыс Ельцын на гэта адрэзаў: «Хай спачатку Шарамета адпусціць!»

Павел быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго года выпрабавальнага тэрміну, правёўшы ў турме агулам тры месяцы. Зразумела, пра працу ў Беларусі ў такіх умовах марыць не даводзілася, і ён з’ехаў у Маскву. У 1998 годзе працаваў спецкорам праграм «Новости» і «Время» дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ, а ў студзені 1999 года заняў пасаду шэф-рэдактара расійскай і замежнай карэспандэнцкай сеткі дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. Быў вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы «Время».

У 2000 годзе Шарамет сышоў з навінавых праграм і працягнуў працаваць на «Першым канале» ўжо як аўтар дакументальных фільмаў і спецыяльных праектаў у рамках інфармацыйных праграм. Канчаткова пакінуў тэлеканал у 2008-м.

З 2009 года з’яўляўся рэдактарам аддзела палітыкі і грамадства ў часопісе «Огонёк». Вёў праграмы на ОРТ и Рен-ТВ. Але паступова расійскае тэлебачанне ператваралася ў аналаг беларускага. Шарамет з 2012 года вёў блог журналіста ў інтэрнэт-газеце «Украінськая праўда». А потым стаў выканаўчым дырэктарам гэтай інтэрнэт-газеты.

У чэрвені 2015 года запусціў аўтарскі праект «Дыялогі» на ўкраінскім тэлеканале «24». З верасня 2015 года па красавік 2016 года быў вядучым ўкраінскага «Радыё Весці».

Павел з’яўляўся аўтарам больш дзясятка дакументальных фільмаў, суаўтарам кнігі «Выпадковы прэзідэнт», прысвечанай рэжыму Лукашэнкі (са Святланай Калінкінай). У 2005-м напісаў кнігу «Піцерскія таямніцы Уладзіміра Якаўлева» аб новых расійскіх палітыках з Санкт-Пецярбурга. У 2009-м выйшла яго кніга пра шасцідзённую вайну ў Грузіі «Саакашвілі/Грузія. Загінулыя мары».

А таксама Павел быў стваральнікам сайтаў «Беларускі партызан» і «Гістарычная праўда».

Ужо вядома, што ў машыне Шарамета спрацавала выбуховае прыстасаванне. На месца забойства нашага калегі адразу прыехала кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Украіны Хація Дэканаідзэ. Генпракурор Украіны Юрый Луцэнка паведаміў, што Шарамет загінуў у выніку спрацоўвання безабалонкавага самаробнага выбуховага прыстасавання, якое знаходзілася на днішчы аўто пад сядзеннем кіроўцы, моцнасцю ад 0,4 да 0,6 кг у трацілавым эквіваленце. Гэта ж пацвярджае дарадца кіраўніка МУС Украіны Зарын Шкірак, дадаючы, што выбухоўка была прыведзеная ў дзеянне «дыстанцыйна альбо з затрымкаю».  Справа журналіста кваліфікуецца па артыкуле «Наўмыснае забойства, здзейсненае спосабам, небяспечным для жыцця многіх асоб», паведаміў пракурор Кіева Рамана Гоўда.



Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка выказаў спачуванні родным Паўла і даручыў праваахоўным органам «неадкладна расследаваць гэтае злачынства». А дзеля празрыстасці расследавання папрасіў пра дапамогу ФБР, якое дало згоду далучыцца да следства. І даў даручэнне міністру замежных спраў Паўлу Клімкіну запрасіць да расследавання еўрапейскую паліцыю — Europol.

Парашэнка асабіста паведаміў пра рашэнне даць ахову грамадзянскай жонцы Паўла Алене Прытуле і прапанаваў тую ж ахову галоўнаму рэдактару «Украінскай праўды». Сябры Шарамета распавялі, што ў апошні час ён і яго жонка заўважылі сачэнне за сабой.

Зараз ва ўкраінскіх праваахоўных органах існуюць тры версіі забойства.

Першая: забойства звязанае з прафесійнай дзейнасцю Паўла Шарамета, Алены Прытулы і «Украінскай праўды» ўвогуле. Гэтая версія найбольш верагодная. Паколькі Шарамет і Прытула карысталіся адной машынаю, забойца не мог ведаць, хто будзе сядзець за стырном. Значыць, не мела значэння тое, хто будзе ў машыне падчас выбуху. У звязку з гэтым разглядаецца і версія, што планавалася забойства Алены Прытулы.

Нават калі бомбу падрывалі дыстанцыйна і ведалі, хто едзе, — дык «прафесійная» версія найбольш верагодная. Застаецца толькі зразумець, над чым такім працаваў Шарамет альбо яго рэдакцыя ў цэлым. Апошні блог Паўла Шарамета на «Украінскай праўдзе» быў прысвечаны падтрымцы батальёна «Азоў» і яго лідара Андрэя Білецкага.

Заран Шкірак таксама адзначыў, што «не выключаецца» версія, звязаная з непрыязнымі адносінамі Шарамета з пэўнымі асобамі. Але, дадаў ён, «такая версія заўсёды прысутнічае, бо мы не можам выключаць нічога».

Трэцюю версію выказаў дарадца кіраўніка МУС Антон Герашчанка. На яго думку, цынічнае забойства журналіста «Украінскай праўды» можа быць выкарыстана для дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ва Украіне, і не выключыў у гэтым «расійскага следу».

Можна было б казаць пра паранойю ўкраінскіх сілавікоў, якія здольныя бачыць «расійскі след» у самых шараговых сітуацыях, але, тым не менш, гэтая версія мае права на існаванне. Сам спосаб забойства выглядае на тэракт, а тэракт мае на мэце не толькі забіць, але і выклікаць пэўныя наступствы ў грамадстве. І гэтага тэрарысты дамагаюцца двума спосабамі: альбо вялікай колькасцю ахвяр, альбо забойствам «знакавай» асобы. Тое, што Шарамет быў «знакавым», ні ў каго не выклікае сумневаў.

Варта зазначыць, што на забойства Шарамета вельмі дзіўна адрэагавала Масква. Павал Шарамет — грамадзянін Расійскай Федэрацыі, і яго забойства — «падстава для вельмі сур’ёзнай турботы ў Крамлі», заявіў журналістам не хто-небудзь, а прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў. «Спадзяемся на бесстаронняе і хуткае расследаванне», — дадаў ён.

Чаму Расія раптам узгадала, чый Шарамет грамадзянін? У той час, як яны сотнямі і тысячамі кідаюць сваіх грамадзян на Данбасе, кажучы, што там не ваююць іх войскі і іх грамадзяне? Чаму да Крамля далучаецца кіраўнік Саюза журналістаў Расіі Усевалад Багданаў, які сходу выключае версію «расійскага следу» і кажа пра жаданне «такім чынам заблытаць ход следства»? Ад моманту гібелі Шарамета не прайшло і сутак, а нейкія версіі некім ужо «выключаюцца»? Дзіўна? Яшчэ больш дзіўна, калі ўзгадаць, што Шарамет быў сябрам Барыса Нямцова (нават вёў жалобную цырымонію на ягоным пахаванні), заступаўся за арыштаванага Гары Каспарава і гэтак далей.

Расійская прымаўка пра злодзея і шапку згадваецца імгненна.

 

З-за забойства Шарамета Парашэнка сабраў тэрміновую нараду сілавікоў, і там было вырашана, што апошняй версіяй — тэракт і «расійскі след» — будуць займацца тыя, каму гэта належыць: Служба бяспекі Украіны. Гэта іх непасрэдная справа.

У любым выпадку, лепш пагадзіцца з кіраўніцай сайта «Хартыя’97» Наталляй Радзінай, якая лічыць, што заказчыкі гэтага забойства «могуць быць адкуль заўгодна, у тым ліку і з Мінску», чым адразу «выключаць» нейкія версіі.

Мы вельмі спадзяемся, што высілкі ўкраінскіх праваахоўных органаў хутка дадуць свой плён. І калі нават не хутка — абы забойцы былі пакараныя.

Рэдакцыя «НЧ» далучаецца да ўсіх спачуванняў родным і блізкім нашага выбітнага калегі і таленавітага журналіста, якім быў Павал Шарамет.