Марсаход запісаў гукі чырвонай планеты

Амерыканская аўтаматычная міжпланетная станцыя Mars InSight, што раней здзейсніла пасадку на Марсе, упершыню змагла запісаць і выслаць на Зямлю гукі паветра на Чырвонай планеце, піша Белсат.

mars_4.jpg


Пра гэта паведаміў у пятніцу дырэктар NASA Джым Брайденстайн у сваім Twitter.


(каб слухаць, патрэбныя навушнікі альбо сабвуфер)
«Людзі ніколі раней не чулі шум ветру на Марсе. Паслухайце шум ветру на Марсе, які запісаў Mars InSight» – напісаў ён, размясціўшы ў паведамленні спасылку на адпаведны запіс на сайце Нацыянальнага ўпраўлення ЗША па аэранаўтыцы і даследаванню касмічнай прасторы.
Як адзначылі ў НАСА, 1 снежня датчыкі станцыі змаглі запісаць «нізкачастотнае вуркатанне, выкліканае парывамі ветру», хуткасць якога складала ад 5 да 7 метраў на секунду. Вецер дзьмуў з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход.
«Адна з задач нашай місіі – вымярэнне параметраў руху на Марсе, і, безумоўна, да гэтага ставіцца і рух, выкліканы гукавымі хвалямі», – адзначыў кіраўнік навуковай праграмы даследаванняў марса Брус Банэрдт.
На мінулым тыдні станцыя Mars InSight пасля пераадолення 480 мільёнаў кіламетраў, здзейсніла пасадку на паверхню Чырвонай планеты. Ужо праз сем хвілінаў пасля пасадкі яна перадала на Зямлю першы фотаздымак. Станцыя пачне праводзіць сейсмічныя даследаванні Марса прыкладна праз два-тры месяцы, а ў цэлым праграма вывучэння Чырвонай планеты разлічана на два гады. Сабраныя звесткі станцыяй дазволяць пабудаваць трохмерную мадэль глыбінных слаёў Марсу і пашыраць уяўленні аб фармаванні і эвалюцыі планет Сонечнай сістэмы.