Мексіка. Аддзяленне царквы ад дзяржавы хочуць зруйнаваць
Мексіканская сенатарка Марыя Саледад Люевана, падаецца, вырашыла перагледзець вынікі эпохі рэвалюцый ХІХ стагоддзя, якія аддзялілі царкву ад дзяржавы.
Прыкладна праз 150 гадоў пасля тых падзей сенатарка прапануе вярнуць царкву ў грамадска-палітычнае жыццё.
Паводле яе праекту паправак да Закона аб рэлігійных арганізацыях, з яго тэксту выключаецца пункт пра «гістарычны прынцып аддзялення цэркваў ад дзяржавы». Царкоўнікі атрымаюць права мець свае СМІ, кансультаваць адміністрацыі падчас набору персаналу, супрацоўнічаць з чыноўнікамі па шматлікіх пытаннях.
Сваёй ініцыятывай сенатарка яўна кепска дапамагла прэзідэнту Мануэлю Лопесу Абрадору. З аднаго боку, прэзідэнт, як прадстаўнік левых сіл, павінен абараняць прынцып свецкасці дзяржавы. Тым больш, што ў свой час Мексіка была першай краінай у свеце, якая на канстытуцыйным узроўні аддзяліла царкву ад дзяржавы. З іншага боку, сваёй перамозе Абрадор абавязаны каталіцкім і пратэстанцкім арганізацыям і партыям, якія цяпер патрабуюць ад прэзідэнта надаць ім права выдаваць свае медыя.
У выніку гарант вымушаны асцярожна каментаваць праект сенатаркі. Пакуль не зразумела, як доўга ён зможа займаць пазіцыю «і вашым, і нашым». Прэса піша пра сур’ёзную пагрозу прынцыпам свецкай дзяржавы ў Мексіцы.