Міністр фінансаў Літвы пра ўтрыманне мігрантаў: У пакеце паездкі, арганізаванай Лукашэнкам, не можа быць залішняга камфорту і відаў на акіян
Літоўскі ўрад выдаткоўвае на харчаванне кожнага мігранта 5,85 еўра на дзень. Аднак па факце ежа абыходзіцца даражэй, піша Delfi.

Па словах мэра аднаго з памежных раёнаў Аўсмы Мішкінене, пастаўшчыкоў на паслугу за 5,85 еўра проста не знайшлося.
«14 еўра — сюды ўваходзіць ежа, транспарт і посуд. Гэта мінімум, які мы знайшлі. У бліжэйшы час правядзём яшчэ адзін конкурс, паколькі мінае тэрмін дзеяння дамовы. Калі ўдасца знайсці танней, будзем рады», — распавяла Мішкінене.
Міністр фінансаў краіны Гінтарэ Скайсце заклікала забяспечыць харчаванне па самай мінімальнай цане.
«Мы павінны дамовіцца — у пакеце паездкі, арганізаванай Лукашэнкам, не можа быць залішняга камфорту і відаў на акіян. Мы павінны забяспечыць мінімальны стандарт», — сказала міністр.
За мінулыя суткі на мяжы з Беларуссю затрымалі яшчэ 133 мігранты.