Некалі і ў нас: каралева Даніі ў навагоднюю ноч абвесціла аб канцы сваёй улады

Каралева Даніі Маргрэтэ II, як заўжды напярэдадні Новага года, выступала з  тэлезваротам да нацыі. 52 гады яна з'яўлялася кіраўніком дзяржавы.

Фота: ЕРА

Фота: ЕРА

Афіцыйна адрачэнне адбудзецца 14 студзеня, калі споўніцца 52 гады з таго часу, як яна стала каралевай у 1972 годзе. Пасля сыходу Маргрэтэ каралём стане яе старэйшы сын, наследны прынц Фрэдэрык.

«Я пакіну трон свайму сыну, наследнаму прынцу Фрэдэрыку», – заявіла яна.

83-гадовая Маргрэтэ II з'яўляецца манархам з самым працяглым кіраваннем у гісторыі Даніі, яна ўзышла на трон пасля смерці свайго бацькі караля Фрэдэрыка IX у 1972 годзе.

У адрозненне ад брытанскай каралеўскай традыцыі, афіцыйнай цырымоніі каранацыі 55-гадовага наследнага прынца Фрэдэрыка не будзе. Замест гэтага ў гэты ж дзень палац аб'явіць аб яго ўзыходжанні на трон.

Каралева Маргрэтэ — папулярная фігура ў Даніі, і многія датчане чакалі, што яна застанецца на троне да самай смерці.

danija_2.jpg

Кожны год напярэдадні Новага года яна выступае з прамовай па тэлебачанні.

У гэтым годзе, акрамя нечаканай заявы аб адрачэнні, Маргрэта II гаварыла аб войнах у Ізраілі і ва Украіне, а таксама аб важнасці вырашэння праблемы змены клімату.

Сутыкнуўшыся з тымі ж праблемамі сучаснага грамадства, што і іншыя каралеўскія сем'і па ўсёй Еўропе, дацкая каралеўская сям'я вырашыла скараціць колькасць чальцоў каралеўскай сям'і.

Гэта прывяло да публічнага расколу ў каралеўскай сям'і ў мінулым годзе пасля таго, як дзеці малодшага брата наследнага прынца Фрэдэрыка, прынца Іаакіма, былі пазбаўлены сваіх каралеўскіх тытулаў.

Нагадаем, у Беларусі ўлада была атрыманая адным чалавекам у 1994 годзе, і з тых часоў ссінелымі пальцамі ён за яе трымаецца.