Нідэрланды просяць Расію выдаць Уладзіміра Цэмаха

Дзяржаўная пракуратура Нідэрландаў просіць Расію выдаць падазраванага ў справе аб збітым «Боінгу» Ўладзіміра Цэмаха, які быў дастаўлены ў Расію ў рамках абмену зняволенымі раніцай у суботу, 7 верасня, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на выданне NU.nl.

Уладзімір Цэмах

Уладзімір Цэмах

Нідэрланды выказалі глыбокае шкадаванне з прычыны таго, што Ўкраіна выдала Расіі падазраванага ў гэтай справе. Ён быў дапытаны перад тым, як адправіцца ў Маскву, але следчая група хацела б мець магчымасць правесці яго паўторны допыт.
«Я не буду называць прозвішчы еўрапейскіх лідараў, з якімі мы прагаварылі час для ўсіх следчых дзеянняў. Мы ўсё гэта зрабілі. Усё, што ад нас папрасілі. Гэта было складана. Я баяўся, што з-за гэтага можа сарвацца абмен», — сказаў прэзідэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ля самалёта, на якім прыляцелі вызваленыя ўкраінцы.
«Рашэнне не было спантанным, а добра ўзважаным з боку прэзідэнта, паколькі адсутнасць Цэмаха ў спісе на абмен аўтаматычна прадугледжвала спыненне перамоваў з Расіяй. Дарэчы, як і адсутнасць наўпроставага авіякалідора з Масквы», — сказаў старшыня Службы бяспекі Ўкраіны Іван Баканаў.
Уладзімір Цэмах быў начальнікам супрацьпаветранай абароны «ДНР» у раёне горада Сняжное ў той час, калі там быў збіты «Боінг» MH17. Супрацоўнікі СБУ выкралі яго з непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі ў канцы чэрвеня, пасля чаго ён больш за два месяцы правёў у СІЗА. Галоўны пракурор Нідэрландаў Фрэд Веэстэрбэке прасіў Украіну не выдаваць Цэмаха Расіі.