Нідэрланды. Заробак выдаюць алкаголем
Муніцыпалітэты некаторых раёнаў Амстэрдаму знайшлі амаль бясплатную працоўную сілу для прыбірання вуліц і іншых камунальных прац. Гэта — алкаголікі, якія згодныя атрымліваць заробак пляшкамі піва.
У залежнасці ад якасці выканання працы, можна атрымаць аж да сямі доз. У дадатак, ім прапануюць бясплатны абед, пачак цыгарэт і 10 еўра.
Як правіла, на такую працу пагаджаюцца адзінокія мужчыны-пенсіянеры. На думку ініцыятараў праграмы, такі падыход дапаможа інтэграцыі маргіналаў у грамадскае жыццё, выхаду з алкагольнай субкультуры і, адпаведна, з’яўленню новых каштоўнасцяў. Таксама важна тое, што ў ахвяраў зялёнага змея выпрацоўваецца нейкі ліміт спажывання, не кажучы пра тое, што заробак ім плацяць півам з нізкім утрыманнем алкаголю.
Трэба прызнаць, што ідэя спадабалася. Напярэдадні Новага году колькасць жадаючых працаваць на карысць горада значна вырасла. Цікава, што праграму незвычайнай працы з алкаголікамі горача патрымала мусульманка Фаціма Элацік, бургамістр аднаго з раёнаў Усходняга Амстэрдаму.
У сваю чаргу, у мэрыі Амстэрдаму, якую кантралююць хрысціянскія кансерватары, «піўны праект» завалілі як антымаральны.
Дарэчы, упершыню такі метад прымянілі ў Канадзе.
Паводле польскай прэсы