Нямецкі кардынал: «Царква знішчыла дадзеныя аб святарах-педафілах»
Царква знішчыла звесткі, якія тычацца святароў, што ўчынілі акты сэксуальнага гвалту. Пра гэта ў суботу, 23 лютага, паведаміў нямецкі кардынал Рэйнхард Маркс, адзін з бліжэйшых дарадцаў Папы Францыска, падчас выступу на саміце ў Ватыкане.
«Адміністрацыя не толькі не дапамагла царкве выканаць яе місію, але, наадварот, дыскрэдытавала яе і зрабіла немагчымай. Запісы, якія маглі дапамагчы зафіксаваць гэтыя жудасныя дзеі і выявіць імёны вінаватых, былі знішчаны», — заявіў кардынал Рэйнхард Маркс.
Ён таксама абвінаваціў царкоўную адміністрацыю ў наўмысным незахаванні «працэдур і працэсаў, устаноўленых для судовага пераследу вінаватых» і заклікаў да большай празрыстасці ў дачыненні да унутрыцаркоўных судовых працэсаў, што з'яўляецца адным з асноўных патрабаванняў ахвяраў сэксуальнага гвалту. На думку нямецкага кардынала, колькасць спраў, разгледжаных царкоўнымі судамі, і падрабязнасці гэтых спраў павінны быць, наколькі гэта магчыма, апублікаваныя.
«Царкоўныя стандарты не павінны быць ніжэй норм грамадзянскага правасуддзя», — падкрэсліў кардынал Маркс.
TUT.by