Нобелеўскі камітэт адмовіўся ад уручэння прэміі па літаратуры 2018 года

Уручэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры будзе адноўлена ў 2019 годзе.

Фота: ria.ru

Фота: ria.ru

Нобелеўскі камітэт адмовіўся ад уручэння прэміі па літаратуры 2018 года, інфармуе meduza.io. Такое рашэнне было прынятае на фоне крызісу ў Шведскай акадэміі, які ўзнік пасля выкрыцця фактаў сэксуальных дамаганняў і ўцечкі інфармацыі. Восенню мінулага года 18 жанчын абвінавацілі вельмі вядомага ў Стакгольме прадстаўніка культуры ў шматгадовых дамаганнях і прыставаннях інтымнага характару. Паколькі яго дзейнасць перасякалася з Шведскай акадэміяй, якая выдае шэраг стыпендый і грантаў, то было прызначана ўнутранае расследаванне, якое правяла адвакацкая фірма.

Як інфармуе ria.ru, згаданы дзеяч жанаты на адной з членаў акадэміі, ён адрынуў усе абвінавачанні. Шведскія СМІ называюць імя дырэктара стакгольмскага літаратурнага клуба "Форум", фатографа і тэатральнага рэжысёра 71-гадовага Жана-Клода Арно. Яго жонка — Катарына Фростэнсан, член Шведскай акадэміі. Пра тое, што яна вырашыла ўзяць тайм-аўт у працы акадэміі, стала вядома ў сярэдзіне красавіка. Арно, нібыта, сістэматычна раскрываў пабочным асобам імёны будучых лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры, расказваў, хто стане новым чальцом Шведскай акадэміі.

У складзе Шведскай акадэміі 18 чальцоў, якія выбіраюцца пажыццёва. З-за крызісу кароль Карл XVI Густаў прыняў рашэнне аб змене статута — у будучым, калі нейкі акадэмік не будзе прымаць удзелу у працы на працягу двух гадоў, ён можа лічыцца, як пакінулы акадэмію.

У красавіку ў адстаўку падала пастаянны сакратар Шведскай акадэміі Сара Даніус. Пра афіцыйны сыход заявілі ўжо чацвёра пісьменнікаў: Сара Стрыдсберг, Лота Лотас, Чэрстын Экман, Клас Эстэргрэн.

Уручэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры будзе адноўлена ў 2019 годзе.

euroradio.fm