Нобелеўскі лаўрэат па эканоміцы прадказаў раскол еўразоны
На думку аднаго з найбуйнейшых эканамістаў свету Джозэфа Стыгліца, еўрапейскі валютны саюз чакае распад.
Джозэф Стыгліц
Нобелеўскі лаўрэат, які атрымаў прэмію ў 2001 годзе, эканаміст-неакейнсіянец, Джозэф Стыгліц лічыць, што Еўразона можа быць падзелена на паўночную і паўднёвую, паведамляе "Deutsche Welle".
Джозэф Стыгліц лічыць, што Еўразона можа распасціся ў бліжэйшыя гады з-за недастатковай рашучасці і салідарнасці краін-чальцоў. "Мяне турбуе хуткасць, з якой у Еўропе выконваюцца рашэнні", — сказаў амерыканскі эканаміст у інтэрв'ю газеце “Die Welt”, што было апублікавана ў чацвер, 6 кастрычніка. Паводле яго слоў, палітыкі дамаўляюцца пра тое, што варта рабіць, але потым іх рашэнні блакуюцца, выкананне зацягваецца, час губляецца.
Стыгліц лічыць, што неабходна правесці радыкальныя рэформы, да прыкладу, стварыць банкаўскі саюз альбо адзіную сістэму абароны ўкладаў. Аднак ён не думае, што палітыкі могуць у доўгатэрміновай перспектыве ўтрымаць валютны саюз на плаву. "Праз дзесяць гадоў Еўразона яшчэ будзе існаваць, але пытанне — у якім выглядзе? Вельмі малаверагодна, што ў яе па-ранейшаму будуць уваходзіць 19 чальцоў", — прагназуе былы галоўны эканаміст Сусветнага банка.
На яго думку, толькі шляхам падзелу адзінай еўрапейскай валюты на паўночны і паўднёвы еўра можна надаць новы імпульс паралізаванай эканоміцы кантынента.
У якасці прыкладу Стыгліц прывёў Італію: "Калі размаўляю з італьянцамі, я адчуваю, што людзі там усё больш расчароўваюцца ў еўра". Навукоўцам і палітыкам у краіне таксама становіцца ўсё больш зразумела, што Італія з еўра недзеяздольная, сцвярджае эканаміст.