Палітыкі тыдня: Наталля Каралеўская, Абдэль Азіз Бутэфліка, Наталля Баскава
Наталля Каралеўская Каралеўская — новы міністр сацыяльнай палітыкі Украіны. Яе прызначэнне ў склад ураду ўвогуле можна лічыць сенсацыяй, паколькі выбарчая кампанія яе партыі «Украіна, наперад» праходзіла пад апазіцыйнымі лозунгамі (праўда, у апазіцыйнасць Наталлі мала хто верыў, паколькі праект фінансаваў алігарх Рынат Ахметаў).
Такое рэнаме не дазволіла партыі «Украіна, наперад» прайсці ў Вярхоўную Раду нават з улікам таго, што Каралеўская ангажавала ў свае партыйныя шэрагі славутага футбаліста Андрэя Шаўчэнку. Але ў выніку ў снежні «апазіцыянерку» зрабілі міністрам. І тут пачаўся новы скандал. Паводле законаў Украіны, як толькі кагосьці прызначаюць міністрам, той павінен здаць у апарат Кабінета міністраў пакет дакументаў, у тым ліку арыгінал дыплому пра заканчэнне ВНУ. Замест гэтага Каралеўская 23 снежня піша заяву ў адзін з РАУСаў Луганску пра тое, што 9 снежня яе дыплом пра заканчэнне мясцовага Усходнеўкраінскага ўніверсітэту скралі на вуліцы.
Заява адразу выклікала мноства інсінуацый. Увогуле, цяжка сабе ўявіць, каб Наталля ў статусе пратэжэ Ахметава ўвогуле хадзіла пешшу па вуліцах. І тым больш, маючы пры сабе дыплом ВНУ, які ніводнаму злодзею не патрэбны. На думку большасці каментатараў, ніякую ВНУ Каралеўская як дачка алігархаў не заканчвала, аднак фармальна яна ўсё ж мае вышэйшую адукацыю. Яе альма-матэр была створана на базе Машыннага інстытута Луганску, пра які ў савецкі час хадзіў анекдот: «Каб не закончыць Машынны інстытут, трэба, каб цябе пераехаў трамвай». Папросту сам дыплом ёй ніколі не быў патрэбны, і, адпаведна, яна нават не знайшла часу яго атрымаць. Але цяпер фармальна ўзнікла патрэба ў паперцы, якой не аказалася пад рукой, адсюль і ўзнікла гісторыя пра крадзеж.
Абдэль Азіз Бутэфліка
Прэзідэнт Алжыру падтрымаў ініцыятыву Францыі ўвесці войскі на поўнач Малі для барацьбы з ісламістамі. Наступствам такога рашэння стала закрыццё мяжы паміж Алжырам і Малі. Французскія ВПС таксама змогуць выкарыстоўваць алжырскія аэрадромы для атак на тэрыторыі Малі.
Раней лічылася, што афіцыйны Алжыр будзе больш асцярожны ў тым, каб надаваць Парыжу падтрымку ў вайне з ісламістамі. Хаця Алжыр не будзе дасылаць свае войскі ў Малі (адмова ад інтэрвенцый лічыцца адной з асноў знешнепалітычнай дактрыны краіны), хуткая падтрымка ваяўнічых планаў Парыжу выклікала жывы рэзананс на старонках афрыканскі СМІ.
Уплывовае алжырскае выданне «El-Watan» сцвярджае, што крок Бутэфліка звязаны з тым, што шэраг плямён Малі, якія былі саюзнікамі Алжыру, перайшлі ў апошні час на бок ісламістаў. Іншыя лічаць, што Алжыр папросту спалохаўся таго, што французскі іншаземны легіён пераможа паўстанцаў-ісламістаў, і тады Францыя зможа дыктаваць сваю палітычную павестку дня ў Малі без удзелу Алжыру. А прэса Нігерыі піша, што Алжыр за кошт Парыжу хоча ўключыць Малі ў падкантрольную сабе зону і падарваць рэгіянальны аўтарытэт Нігерыі. У любым выпадку, усё будзе залежыць ад развязкі вайсковых дзеянняў. У першыя дні вайны на фронце, здаецца, нічога асаблівага не адбывалася. Ісламісты, быццам, праводзяць перадыслакацыю, а французы і іх малійскія саюзнікі канцэнтруюць сілы.
Наталля Баскава
Яшчэ ў снежні мінулага года Баскава, дэпутат чалябінскай гарадской думы, прапанавала выдаць закон, які абавязаў бы ўсіх расійскіх жанчын выйсці замуж і нарадзіць хоць бы адно дзіця да дасягнення 20-гадовага ўзросту. У дадатак да абавязку мець дзіця да 20 гадоў Наталля Баскава заклікала змагацца з вобразам гламурнай прыгажуні, які прапагандуюць сродкі мас-медыя, што, на яе думку, не спрыяе развіццю сямейных каштоўнасцяў.
Ідэю Баскавай палічылі экзатычнай. Так, «Известия» ўвогуле прысудзілі Баскавай тытул самага экстравагантнага дэпутата 2012 года. Аднак аказалася, што ў Баскавай шмат прыхільнікаў. За апошнія пару тыдняў прагучала яшчэ нямала аналагічных па духу законапраектаў. Да прыкладу, дэпутат Заканадаўчага парламента Санкт-Пецярбурга Віталь Мілонаў прапанаваў увесці вайсковы абавязак для жанчын, якія не нарадзілі дзіця да 23 гадоў. А віцэ-губернатар Пензенскай вобласці Уладзімір Сацін прапанаваў... зацвердзіць план па зачацці: «Нам трэба прынцыпова паглядзець на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. Патрэбна новая ідэалогія, новы метадалагічны падыход. Мы павінны ўвесці план па родах. Аж да плану па зачацці». Пакуль цяжка зразумець, чым выклікана такое захапленне праблемамі дэмаграфіі на месцах.